База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Лойка Алег

Алег Лойка (Алег Антонавіч Лойка) 1931-2008

Беларускі паэт, літаратуразнавец, крытык, перакладчык, член-карэспандэнт НАН Беларусі,  доктар філалагічных навук, прафесар

 Алег Антонавіч Лойка нарадзіўся 1 мая 1931 года ў горадзе Слоніме ў сям’і фельчара. У дзяцінстве часта даводзілася жыць то ў вёсцы Загалічы, дзе бацька на загуменні пабудаваў дом і дзе сям’я Лойкаў праводзіла шмат часу, то ў вёсцы Крывічы, дзе жыў дзед Цімох. Час, які праводзіў будучы пісьменнік у вёсках свайго дзяцінства, быў самы шчаслівы. Любоў да гэтых мілых сэрцу мясцін ён пранёс праз усё сваё жыццё і творчасць:
Вёскі беларускія мае вы,
Лёс, як слёзы, горкі і салодкі.
Цётак і дзядзькоў маіх сугрэвы –
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.

 Сям’я Лойкаў была музычная. Маці  прыгожа спявала, іграла на балалайцы і гітары. Свой музычны талент яна перадала і сыну. Алег Антонавіч, як і маці, умеў іграць на балалайцы, гітары, акардэоне.

Восенню 1937 года Алег Лойка пайшоў у першы клас польскай школы. Хлопчык зусім не ведаў польскай мовы і месяц сядзеў за апошняй партай, нічога не разумеючы, што гаварылі на ўроку. На дапамогу прыйшла першая настаўніца.

Вучыўся выдатна. У яго памяці надоўга засталіся тыя светлыя ўражанні, калі на кастрычніцкія святы ў 1940 годзе ён  атрымаў прэмію за выдатную вучобу – туфлі, а вясною 1941-га г. – балалайку-шасціструнку, пасля – кнігі.

22 чэрвеня 1941 года – пачатак Вялікай Айчыннай вайны – 0-гадовы хлопчык з малодшай сястрой сустрэлі ў вёсцы ў дзеда Цімоха. Вось і скончылася дзяцінства, безучасна абарванае вайной, трохгадовым акупацыйным рэжымам.

Тры няпоўныя зімы хадзіў у школу, што знаходзілася то на вуліцы Студэнцкай, то на  іншых вуліцах, бо школы часта займалі пад шпіталі. Недасканаласць вучэбнага працэсу кампенсаваў чытаннем літаратуры з бацькавай бібліятэкі.

У школе, дзе вучыўся Алег Лойка, падтрымлівалася добрая польская традыцыя: да свят вучні пісалі вершы-віншаванкі. Пісаў іх і Алег. Так у падлетка з’явілася цікавасць да рыфмы.

Творчыя здольнасці сына заўважыла маці Марыя Іванаўна. Летам 1943 года яна завяла хлопчыка ў музей да кіраўніка літаратурнага гуртка С.М.Новіка-Пеюна. Праз некаторы час упершыню ў “Баранавіцкай газеце” быў надрукаваны верш 12-гадовага Алега Лойкі “Верасень”:

Шэрыя хмаркі неба закрылі,

Дробненькі дожджык імжыць.

Птушачкі ў вырай  даўно адляцелі,

Спеў іх цяпер не звініць. (1943 г.)

Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Алег Антонавіч самастойна падрыхтаваўся за курс няпоўнай сярэдняй школы і, прапусціўшы 2 класы, паступіў у 7 клас.

У 1948 годзе скончыў сярэднюю школу №1  і паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У студэнцкія гады таксама спрабаваў пісаць вершы. Сваім дэбютам Алег Антонавіч лічыў верш, які быў надрукаваны ў снежні 1953 года ў часопісе “Маладосць” (хоць гэта была не першая публікацыя).

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1953 годзе Алег Лойка паступіў  ў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, якую скончыў у 1956 годзе, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю на тэму “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура”. З гэтага ж года застаўся працаваць ва ўніверсітэце выкладчыкам беларускай літаратуры. Пасля – дацэнт, доктар філалагічных навук (1969 г. – абарона доктарскай дысертацыі), прафесар (1971г.), загадчык кафедры БДУ (1985 г.), член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі (1989 г.), дэкан філалагічнага факультэта (1991 – 1996).

Алег Лойка спалучаў у сабе ўласцівасці выдатнага даследчыка літаратуры з паэтам-лірыкам. Вялікі ўклад унёс у педагогіку, навуку, літаратуру Беларусі.

У мастацкай літаратуры выступаў у многіх яе відах і жанрах: эпасе, лірыцы, прозе, дзіцячай літаратуры, мастацкім перакладзе, літаратурнай крытыцы, эсэістыцы, паэме, баладзе. Каля 30 паэтычных зборнікаў выйшлі ў свет з-пад пяра нашага земляка: “На юначым шляху” (1951), “Дарогі і летуценні” (1963), “Блакітнае азерца” (1965), “Каб не плакалі кані” (1967), “Калі ў дарозе ты” (1971), “Шчырасць” (1973), “Лінія жыцця” (1978), “Скрыжалі” (1981), “Няроўныя даты” (1983), “Грайна”  (1986), “Пералескі ў акопах” (1987), “Балада вайны і міру” (1988) “Талая вясна” (1990), “Трэці золак” (1993), “Неўміручасць” (2000) і іншыя.

У кожным з гэтых зборнікаў ёсць вершы пра родную Слонімшчыну, бацькоўскі кут, чароўныя краявіды роднай прыроды.

Аўтар раманаў-эсэ пра Янку Купалу “Як агонь, як вада” (1984) і “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” (1990),  аповесці Скарына на Градчанах (1990), лірычнага дэтэктыва “Кельты не ўміраюць” (2001), аўтабіяграфічнага выдання “Дрэва жыцця. Кніга аднаго лёсу” (2004).

Выступаў як крытык, літаратуразнавец. З’яўляецца аўтарам манаграфій “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура” (1959), “Максім Багдановіч” (1966), “Новая зямля Якуба Коласа. Вытокі, веліч, хараство” (1961), літаратурна-крытычных артыкулаў  “Паэзія і час” (1981), “ Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя” (1972), літаратурнай  крытыкі “Галгофа. Кніга лёсаў” (2001).

Шмат працаваў у галіне мастацкага перакладу, валодаў польскай, нямецкай, французскай мовамі. У яго перакладзе выйшлі зборнікі паэзіі Поля Верлена “У мясцовым ззянні” (1974), І.В. Гётэ “Спатканне i ростань” (1981), Фрыдрыка Шылера “Улада песняспеву” (1997). Алег Лойка – аўтар перакладу “Анталогіі польскай паэзіі 20 стагоддзя” (2003) у двух тамах, анталогія нямецкай класічнай рамантычнай паэзіі 19 ст. “Маланкай жагнаныя” і іншых выданняў.

Творчыя здабыткі Алега Лойкі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі:  Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа, прэміяй БДУ імя У.І. Пічэты, ордэнам дружбы народаў (1981) і іншымі.

Памёр 19 лістапада 2008 года. Пахаваны ў Слоніме.

Бібліяграфія:

  1. Лойка Алег Антонавіч// Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск: БЕЛТА, 2004. – С. 647.
  2. Алег Лойка // Беларускія пісьменннікі (1917-1990) : даведнік / склад. А.К. Гардзіцкі ; нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск.: Мастацкая літаратура, – С. 338 – 340.
  3. Лойка Алег Антонавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1986. – Т. 3. – С. 293.
  4. Саламевіч, І. У. Лойка Алег / І. У. Саламевіч // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4: Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; [пад рэд. А. В. Мальдзіса; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – 521, [7] с.: партр. – С. 61.
  5. Алег Лойка // Анталогія беларускай паэзіі У 3 т. Т. 3 / [Рэдкал. Р. Барадулін і інш.; уклад. А. Мальдзіс і інш.; рэд. і аўтар прадм. Н. Гілевіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 621, [3] c.: іл. – С. 58-59.
  6. Саламевіч, І. У. Лойка Алег Антонавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 6. – С. 339.
  7. Алейнік, Л. Ідэі і стыль Алега Лойкі / Л. Алейнік // Пясочны гадзіннік. – 2010. – Мінск: Літаратура і мастацтва. – С. 89 – 94.

Запрашаем наведаць музейную комнату Алега Лойкі

МУЗЕЙНЫ ПАКОЙ ПРАЦУЕ:
з 10.00 да 19.00
выхадны: субота; санітарны дзень: апошні чацвер месяца

НАШ АДРАС:
Гродзенская вобласць,
231799, г. Слонім, вул. Савецкая, 6

ЗАЯЎКІ ПРЫМАЮЦЦА ПА ТЭЛЕФОНАХ:
8 (01562) 5-06-54 (аддзел бібліятэчнага маркетынгу)
8 (01562) 5-09-64 (аддзел абслугоўвання і інфармацыі)

КОШТ КВІТКОЎ

Экскурсія ў музейны пакой Алега Лойкі – 1 наведвальнік 1 руб.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”