Бібліяноч “Бібліятэка – тэрыторыя без межаў”
Ужо добрай традыцыяй у Дзень бібліятэк стала праводзіць бібліяноч у розных бібліятэках установы. Сёлета свята ладзілася ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Сялявічы” і вяскоўцы ўпершыню прыйшлі на бібліяноч “Бібліятэка – тэрыторыя без межаў”. Да пачатку мерапрыемства прысутныя змаглі палюбавацца на выставе вырабамі з саломы таленавітага мясцовага майстра Валянціны Уладзіміраўны Мароз, фотавыставай Сяргея Кузьміча Клёсава “Краявіды роднага краю”, пазнаёміцца з выставамі літаратуры “Любая Радзіма”, “Наш край на таленты багаты”, “Кнігі ў дар ад пісьменнікаў Слонімшчыны” і летапісам літаратурна-музычнай гасцёўні “Сябрына”.
Вядучая мерапрыемства, Ірына Казіміраўна Каранец, шчыра вітала гасцей бібліяночы, прысвечанай Году народнага адзінства. З уступным словам і віншаваннямі да аднавяскоўцаў звярнулася старшыня Азярніцкага сельскага савета Ганна Іосіфаўна Пяцько.
Ганаровым госцем свята быў літаратуразнаўца, гісторык, краязнавец, перакладчык і журналіст Сяргей Чыгрын, які прэзентаваў кнігу “Дзяліў трывогу і настрой: Мікола Арочка на фотаздымках”.
Віншавальныя нумары для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі работнікі філіяла “Сялявіцскі цэнтр культуры”, а юныя чытачы бібліятэкі Ангеліна Мялешка і Ангеліна Сяркевіч прачыталі вершы на роднай мове. Напрыканцы вечара самыя актыўныя чытачы бібліятэкі атрымалі падарункі і граматы лепшага чытача “За адданасць і любоў да кнігі, чытання ў бібліятэцы”.