“Каласавіны-2023” на Слонімшчыне
23 лістапада ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшлі “Каласавіны-2023” на Слонімшчыне. Сустрэча была прысвечана юбілейнай даце – 100-годдзю з часу выхаду з друку паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Да юбілею выйшла факсімільнае выданне гэтага твора. Прэзентацыя факсімільнага выдання адбылася і ў нашай бібліятэцы. У другую частку праграмы мерапрыемства ўваходзіла наведванне філіяла “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Навасёлкі” і экскурсія ў дом-музей Надзеі Пятроўны Салейка – слонімскай мастачкі, пісьменніцы, аўтара-выканаўцы, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У рамках мерапрыемства гасцей таксама чакала прэзентацыя “коласаўскай кухні” – “Колас запрашае да стала”. Слонімскія бібліятэкары падрыхтавалі блюда беларускай нацыянальнай кухні, апісаныя ў паэме “Новая зямля”.