“Каласавіны-2023” на Слонімшчыне
23 лістапада ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшлі “Каласавіны-2023” на Слонімшчыне. Сустрэча была прысвечана юбілейнай даце – 100-годдзю з часу выхаду з друку паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Да юбілею выйшла факсімільнае выданне гэтага твора. Прэзентацыя факсімільнага выдання адбылася і ў нашай бібліятэцы. На мерапрыемства былі запрошаны настаўнікі і бібліятэчныя работнікі школ горада і раёна.
Адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Данільчык Галіна Васільеўна.
Аб работе Дзяржаўнай установы культуры “Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа” па папулярызацыі творчасці пісьменніка расказала дырэктар бібліятэкі – Гайдук Тамара Батыраўна.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Мацяс Ірына Уладзіміраўна расказала аб рабоце музея па захаванні творчай спадчыны паэта.
Міцкевіч Васіліна Валер’еўна – галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласапрэзентавала факсімільнае выданне паэмы “Новая зямля”.
Унучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, якая з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” распавяла пра сувязь мінулага з сучаснасцю і захаванне беларускіх народных традыцый у паэме “Новая зямля”.
Наша бібліятэка атрымала ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа падарункі – кнігі Якуба Коласа і юбілейнае факсімільнае выданне паэмы “Новая зямля”.