Літаратурная гадзіна “Чараўнік з краіны дзяцінства”
15 кастрычніка 2024 года 75-гадовы юбілей адзначае празаік, драматург, публіцыст і педагог – Аляксей Якімовіч.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна. Скончыўшы філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён звязаў сваё жыццё з педагогікай. Настаўнічаў на Слонімшчыне. Піша пераважна для дзяцей і падлеткаў. Аляксей Якімовіч – аўтар больш за шэсць дзесяткаў кніг, а таксама вучэбных дапаможнікаў для школьнікаў, метадычных распрацовак і дыдактычных матэрыялаў для настаўнікаў.
11 кастрычніка ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Марыя Аляксандраўна Чычыкайла правяла літаратурную гадзіну “Чараўнік з краіны дзяцінства”, прысвечаную нашаму знакамітаму юбіляру і земляку. Мерапрыемства наведалі навучэнцы 7 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Слоніма”. У музеі беларускай кнігі вучні пазнаёміліся з творчай біяграфіяй пісьменніка і яго найбольш цікавымі і папулярнымі кнігамі.
Разгадаўшы прапанаваную крыжаванку, дзеці знайшлі схаванае сакрэтнае слова – СЯБАР. Сапраўды, тэма сяброўства ў творчасці аўтара адна з самых галоўных, таму яго кнігі вучаць узаемадапамозе, шчырасці, даверу і царпенню.
Напрыканцы мерапрыемства юныя госці атрымалі пажаданне – заўсёды быць вернымі сваім сябрам! А яшчэ, абавязкова чытаць кнігі Аляксея Якімовіча, якія стануць для дзяцей сапраўднымі сябрамі!
Віншуем юбіляра і жадаем яму творчага плёну!










