«Пісьменнік у нас у душы»
У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа працягваецца рэалізацыя рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!», які накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, літаратуры і нацыянальных традыцый.
Яркай падзеяй у яго межах стала мерапрыемства «Пісьменнік у нас у душы», прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства. Асаблівасцю сустрэчы стала магчымасць для кожнага чытача адкрыць для сябе новыя імёны ў сучаснай беларускай літаратуры. Госці бібліятэкі змаглі пазнаёміцца з творчасцю аўтараў, чые кнігі нядаўна папоўнілі фонды. Для іх была арганізавана тэматычная выстава, дзе прадстаўлены як творы вядомых пісьменнікаў, так і выданні, якія толькі набіраюць папулярнасць.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце жывога дыялогу, дзе ўсе жадаючыя маглі задаць пытанні, падзяліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг і абмеркаваць важнасць захавання роднага слова.






