Шамякін Іван “Атланты і карыятыды”
Шамякін I. П. Атланты i карыятыды [раман] / Iван Шамякiн. ‒ Мiнск : Папуры, 2016. ‒ 653, [1] с.; 18. ‒ (Мая беларуская кнiга).
З моманту першага самастойнага выдання “Атлантаў і карыятыдаў” Івана Шамякіна (1921–2004) спаўняецца паўстагоддзя. Гэта раман, які лічыцца ў беларускай прозе адным з лепшых сацыяльна-псіхалагічных твораў пра рэаліі 1970-х гадоў. У свой час ён набыў фенаменальную папулярнасць не толькі ў Беларусі. Назва рамана сімвалічная. Атлантамі і карыятыдамі ў архітэктуры называюць калоны ў выглядзе антычных скульптур, якія падтрымліваюць дахі збудаванняў (у старажытнагрэчаскай міфалогіі Атлант трымаў на сваіх плячах неба). Раман Івана Шамякіна пра людзей, на якіх трымаецца грамадства, яго культура.
Здольнасць пісьменніка пранікаць у побыт савецкага грамадзяніна – партыйнага работніка, старшыні калгаса, дойліда, медыка – прынесла яму заслужаную вядомасць. Партрэт галоўнага героя – архітэктара Максіма Карнача – шмат у чым спісаны з сябра Івана Шамякіна, драматурга Андрэя Макаёнка, вядомага сваім жыццялюбствам, гумарам, прыхільнасцю да жанчын. Пісьменнік проціпаставіў свету чыноўнікаў і бяздарных архітэктараў накшталт Макаеда людзей творчых, жывых, шчырых. І пераканаў чытача, што менавіта яны – сапраўднае апірышча грамадства, яго атланты і карыятыды.
Раман «Атланты і карыятыды» двойчы перавыдаваўся асобнай кнігай:
1985 г.– другое выданне тыражом 90 000 экзэмпляраў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Выданне мела прадмову, пасляслоўе В. Каваленкі, ілюстрацыі В. А. Тарасава.
2015 г.—выданне тыражом 2 000 экзэмпляраў у выдавецтве «Папуры». Таксама раман друкаваўся ў “Зборах твораў Івана Шамякіна”: у 6-м томе Шасцітомнага выдання 1979 г., у 4-м томе зборніка 2004 г. і ў 15-м томе Дваццацітрохтомнага выдання 2013 г. Раман неаднаразова выдаваўся на мовах народаў былога Савецкага Саюза (рускай, украінскай, кіргізскай, узбекскай). Па матывах твора П. Манастырскім быў напісаны тэатральны сцэнарый, па якім у 1978 г.на сцэне Куйбышаўскага акадэмічнага тэатра драмы імя М. Горкага пастаўлены спектакль у 2 дзеях «Атланты».
У 1980 годзе па матывах рамана «Атланты і карыятыды» рэжысёрам Аляксандрам Гутковічам быў зняты 8-серыйны аднайменны фільм.
Цытаты з рамана:
● «Смех хораша збліжае людзей, а трапны жарт ‒ найлепшы ўступ у сур’ёзную размову».
● «Нічога так не гаворыць пра непрыязнасць, як звышветлівасць».
● «Калі ўвесь час баяцца, што цябе стукнуць па галаве, мімаволі нацягнеш чугунны шлем».
● «Свет пераўтвараюць фантазёры».
● «Усе мы аб’ектыўныя, пакуль нас не кранаюць».
● «За празмернай сур’ёзнасцю часта хаваюцца абмежаванасць і пустата».
● «Зразумець, пра што не сказана, пра што балюча гаварыць, можа толькі чалавек з пэўным жыццёвым вопытам».
● «Перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам. Праўдзівым, шчырым…».
● «Трэба паважаць свае ўчынкі, нават памылковыя; калі яны прадыктаваны шчырым душэўныі парывам, ніколі нельга раскайвацца і караць сябе».