Запрашаем у музейны пакой!
Для вас экскурсіі, мерапрыемствы, сустрэчы.
Намаганнямі супрацоўнікаў цэнтральнай бібліятэкі ў 1993 годзе створаны першы ў Гродзенскай вобласці музейны пакой беларускай кнігі. У музейным пакоі функцыянуюць два аддзелы.
Першы аддзел
Першы аддзел прысвечаны Я. Коласу, імя якога носіць бібліятэка: невялікая экспазіцыя аб галоўных этапах жыцця, зборы твораў, юбілейныя выданні, рэдкія кнігі Я. Коласа 1914, 1928 гадоў. Вялікай каштоўнасцю з’яўляецца кніга “Адшчапенец” з аўтографам пісьменніка для Слонімскай бібліятэкі. Экспазіцыя сістэматычна папаўняецца новымі публікацыямі пра Я. Коласа і выданнямі яго твораў, дзякуючы сяброўству з унучкай Я. Коласа Верай Міцкевіч.
Другі аддзел
Другі аддзел музейнага пакоя прысвечаны літаратурнай Слонімшчыне. Ён расказвае пра жыццёвы і творчы шлях нашых пісьменнікаў-землякоў: Г.Леўчыка, С. Дарожнага, А. Лойкі, В. Таўлая, А. Іверса, А. Сучка і іншых. Асобнае месца адведзена творчасці маладых літаратараў. Акрамя кніг нашых землякоў у музейным пакоі экспануюцца партрэты пісьменнікаў, кнігі-падарункі, буклеты, фотаздымкі. Мясцовы скульптар Леанід Богдан падараваў бюсты Францыска Скарыны і Анатоля Іверса. У музеі наладжана выстава рэдкай кнігі канца XIX– пачатку XX ст. і прадметаў побыту з прыватнай калекцыі журналіста і краязнаўца М.І. Рылко. Ёсць сярод іх “Паэзія Адама Міцкевіча” (1897 г.), “Война и мир” Л.М. Талстога (1905 г.), “Чыжык беларускі” Г. Леўчыка (1912 г.) і інш.
Музейны пакой стаў месцам цікавых сустрэч з пісьменнікамі-землякамі, змястоўных экскурсій і аповядаў пра новыя кнігі. Дзесяткі кніг падарыў вядомы беларускі паэт і навуковец Алег Лойка.
У музейным пакоі штогод праходяць шмат экскурсій, яго наведваюць вучні школ і сярэдніх навучальных устаноў горада, аматары літаратуры.
Выстава “Кніжныя скарбы мінулых стагоддзяў”
У музейным пакоі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа дзейнічае выстава “Кніжныя скарбы мінулых стагоддзяў”, на якой экспануюцца рэдкія і старадаўнія кнігі канца XIX – першай паловы ХХ ст.
Усяго сабрана 35 дакументаў, сярод якіх творы мастацкай літаратуры, кнігі па гісторыі і краязнаўству, падручнікі, выданні рэлігійна-духоўнага зместу і інш. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы каштоўнай знаходкай ў гэтай калекцыі з’яўляецца кніга Годэля Голдберга “Гістарычныя нататкі горада Слоніма” (Слонім, 1934 г.). У кнізе змешчаны фотаздымкі і план горада з ранейшымі назвамі вуліц па стане на 1934 год.
Пазнаёміцца з гісторыяй святасці Жыровіцкіх мясцін і цудадзеяннямі іконы Божай Маці Жыровіцкай можна на старонках кнігі Валяр’яна Харкевіча “Жыровіцы – крыніца ласкі” (Слонім, 1930 г.).
Самая старая кніга, якая прадстаўлена на выставе – трэці том з юбілейнага выдання “Паэзія Адама Міцкевіча”, надрукаваная ў 1897 годзе ў Варшаве. Том змяшчае біяграфію знакамітага класіка польскай літаратуры, паэму “Пан Тадэвуш”, пераклады, літаратурныя артыкулы.
МУЗЕЙНЫ ПАКОЙ ПРАЦУЕ:
з 10.00 да 19.00
выхадны: панядзелак;
санітарны дзень: апошні чацвер месяца
НАШ АДРАС:
Гродзенская вобласць, 231799, г. Слонім, вул. Савецкая, 6
ТЭЛЕФОН:
8 (01562) 6-94-70 (аддзел бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы)
8 (01562) 5-19-64 (аддзел абслугоўвання і інфармацыі)
E-mail: slonimcbs@slonimcbs.by
КОШТ КВІТКОЎ
Аглядная экскурсія ў музейны пакой беларускай кнігі – 1 наведвальнік 3 р.
Тэматычная экскурсія ў музейны пакой беларускай кнігі (па запытах
карыстальніка) – 1 наведвальнік 3 р 50 кап.









