Гісторыя Слонімскага края
Хочаш вывучыць гісторыю і культуру сваёй краіны – выпраўляйся ў падарожжа. Куды варта абавязкова патрапіць, дык гэта ў горад Слонім.
“Шлейф” гісторыі спалучыце з ціхмяна-задуменнымі краявідамі ракі Шчары – і, запалоненыя прыгажосцю і веліччу роднай зямлі, вы адчуеце сваю моцную далучанасць да яе жыцця – мінулага (бо тое за гонар) і сённяшняга (жаданне зрабіць свой ўнёсак).
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам.
І сэрцам палюбіў я родны кут –
Цябе, мой старажэтны, родны Слонім!
Алег Лойка.
Горад Слонім, вядомы з XI стагоддзя, згаданы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам пад назвай “Услонім”, “Вослонім”, зведаў усе капрызы гісторыі. Адразу горад апынуўся ў цэнтры бурных ваенна-палітычных падзей, якія разгарнуліся ў сувязі з барацьбой галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў за валоданне Панямонскім краем. У сярэдзіне і другой палове XIII стагоддзя ён некалькі разоў пераходзіў ад галіцка-валынскіх да літоўскіх князёў і наадварот. У другой палове XIII стагоддзя Слонім увайшоў у склад ВКЛ пад час кіравання князя Войшалка, сына Міндоўга.
Адзін з багатых і квітнеючых гарадоў Панямоння – Слонім і на пачатку XV стагоддзя заставаўся значным ваенным умацаваннем. Невыпадкова Слонімская харугва (полк) брала ўдзел у Грунвальдскай бітве, калі аб’яднаныя войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага 15 ліпеня 1410 года разбілі крыжакоў. І з гэтага часу па дазволу князя Вітаўта у Слоніме пачалі сяліцца татары, пазней з’явілася вуліца Татарская ( цяпер вуліца Кірава).
У XVІ стагоддзі ўзрасло значэнне Слоніма як цэнтра рамёслаў і гандлю, таму ў 1531 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права. З 1586 года старастам слонімскім стаў Леў Сапега, які затым з’яўляўся канцлерам ВКЛ. Новы староста спрыяў уздыму культуры і прамысловасці Слоніма, яго палітычнай значнасці. На беразе Шчары Сапега ўзвеў вялікі мураваны палац у якім праводзіліся генеральныя сеймікі ВКЛ. Пра Льва Сапегу і сёння нагадвае стары герб Слоніма дадзены па яго хадатайству каралем Жыгімонтам ІІІ 4 студеня 1591 года.
Далейшы росквіт Слоніма звязаны з дзейнасцю яго старасты Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800), дзяржаўнага дзеяча, кампазітара, пісьменніка, мецэната, дзядзькі слыннага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага. Вялікі гетман літоўскі Міхаіл Казімір Агінскі ў другой палове XVІІІ стагоддзя заснаваў тут сваю рэзідэнцыю. Ён стварыў у горадзе друкарню, капэлу і тэатр, пабудаваў мануфактуру дываноў і канал, які злучыў прыток Прыпяці Ясельду са Шчарай, і наогул праз так званы “малы канал Агінскага”, Балтыйскае і Чорнае мора. І доўгі час Слонім быў партовым горадам, праз горад хадзілі гружоныя баржы, а па выхадных днях можна было здейсніць прагулку па каналу. З імем М. К.Агінскага звязана дзейнасць Слонімскага прыдворнага тэатра, створанага каля 1770 года, у якім выступалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія выканаўцы і меліся свае прыгонныя хор і балет, музычная школа, нават “плывучы тэатр” на баржах на Агінскім канале (зноў-такі, і канал створаны ўсё з той жа ініцыятывы). Пры тэатры Агінскага існавала балетная школа, выхаванцы якой паспяхова сапернічалі з зоркамі каралеўскага балета ў Варшаве. Дарэчы, у Слоніме і сёння ёсць свой драматычны тэатр, заснаваны ў 1990 годзе на базе народнага.
У 1795 годзе г.Слонім увайшоў у склад Расійскай імперыі. У гэты ж час ён стаў цэнтрам губерніі, у склад якой увайшлі Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідскі, Навагрудскі і Гродзенскі паветы. Аднак у ролі губернатарскага горад заставаўся нядоўга. У снежні 1796 года ён стаў павятовым горадам.
Не абышлі бокам Слонім і падзеі вайны 1812 года. Праз Слонім рухалася другая армія П.Баграціёна. Горад быў заняты аўстрыйскімі войскамі.
Вялікую ролю ў развіцці прамысловасці горада ў XІX – пачатку XX стагоддзя адыгралі буйныя землеўладальнікі Пуслоўскія, якія адкрылі ў прыгарадзе Слоніма – Альбярціне – медную, дывановую і лесапільную мануфактуры. У першай палове XІX стагоддзя быў створаны прыгожы сядзібна-паркавы комплекс “Альбярцін” у стыле позняга класіцызму. Слонімскай сядзібе “Альбярцін” прысвяціў свой малюнак знакаміты мастак Напалеон Орда ў 1877 годзе. У 1880 годзе праз Слонім прайшла чыгуначная дарога Слонім- Беласток.
Адзін з прыкладаў простага і строгага барока – касцёл святога Андрэя, які знаходзіцца на так званым “замосці”, месцы, якое лічыцца, як археалагічны помнік, магчыма тут і пачынаўся Слонім. Захаваліся барокавыя будынкі двух касцёлаў і кляштараў бернардзінак і бернардзінцаў (у апошнім – цяпер Троіцкі праваслаўны сабор).
Пад час Першай Сусветнай вайны Слонім быў акупіраваны ў пачатку верасня 1915 года кайзераўскімі войскамі. Па мірнаму дагавору, падпісанаму у Рызе 18 сакавіка 1921 года, Слонім разам з іншымі гарадамі і раёнамі Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы.
Вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч некалі захапляўся Слонімскім краязнаўчым музеем, адчыненым у 1929 годзе па ініцыятыве Іосіфа Стаброўскага, удзельніка Першай Сусветнай вайны, палкоўніка, які сабраў вялікую калекцыю гісторыка-археалагічных матэрыялаў. І.І.Стаброўскі ў свой час быў заснавальнікам і дырэктарам музея.
Горад звязаны з імёнамі многіх цікавых людзей. Літаратуразнаўцы ведаюць, што ў Слоніме, у доме на ўзгорку, насупраць Ружанскіх могілак, да вайны жыла Ядвіся Бараноўская – прататып Ядвісі з аповесці “У палескай глушы” Якуба Коласа (яна і сама спрабавала пісаць вершы, якія пад псеўданімам Юстына змяшчала ў “Нашай Ніве”).
Вучні сярэдняй школы №1 (зараз “Слонімскі раённы ліцэй”) ганарацца тым, што ў будынку іх школы мясцілася польская настаўніцкая семінарыя, дзе ў 1925 годзе вучыўся будучы паэт Валянцін Таўлай (у 1929 годзе ён сядзеў у слонімскім астрозе).
Са Слоніма паходзяць беларускія паэты Сяргей Дарожны і Гальяш Леўчык. Тут у 1931 годзе нарадзіўся Алег Лойка – вядомы паэт і літаратуразнаўца (ён таксама вучыўся ў СШ№1).
Нейкі час у мясцовым краязнаўчым музеі працаваў паэт Сяргей Новік-Пяюн, які у гэтым горадзе напісаў некалькі вальсаў, адзін з іх, вядомы – “Над Шчарай” – прысвечаны Слоніму.
18 верасня 1939 года Слонімскі раён сустракаў байцоў Чырвонай Арміі.
15 студзеня 1940 года ўтвораны Слонімскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці. Пасля аб’яднання Беларусі прайшло мала часу, і мірнае жыццё слонімцаў перарвала Вялікая Айчынная вайна. За годы акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі звыш 44,5 тысяч чалавек мірных жыхароў раёна. У кіламетры ад горада, на Пятралевіцкай гары, расстраляна больш за 10 тысяч чалавек, на Чапялёўскіх палях – 30 тысяч, урочышча Маргі – 2 тысячы чалавек. Фашысты знішчылі разам з жыхарамі вёскі: Акунінава, Ніз, Васілевічы, Рудня, урочышча Андрэева. Усяго 31 вёска была знішчана фашыстамі. Жыхары раёна далі ворагу дастойны адпор. 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі з дапамогай партызан вызвалілі Слонімшчыну ад гітлераўскіх захопнікаў.
Самаадданай працай жыхары раёна адбудавалі горад і вёскі, аднавілі гаспадарку. З 8 студзеня 1954 года Слонімшчына адносіцца да Гродзенскай вобласці.
Каля 70-ці слонімцаў за самаадданую працу ўдастоены званняў “Заслужаны работнік” у розных галінах. 26 слонімцаў былі ўдастоены самай высокай ўзнагароды СССР – ордэна Леніна, 17 з іх – сяляне, чацвёра якіх – з калгаса “Дружба” (цяпер СВК “Дружба-Агра”).
Слонімшчына ўзгадавала вядомых дзяржаўных дзеячаў (Л.С.Мальцаў, П.Р.Чаус, Л.І.Харужык і інш.), вайскоўцаў (адмірал В.Н.Апановіч, генералы М.С.Уласік, У.В.Корчыц і інш.), навукоўцаў (М.Аляхновіч), гісторыкаў і даследчыкаў краю (В.Стаброўскі, В.Мялешка В.Супрун і інш.), скульптараў (І.Я.Міско), мастакоў (М. Бушчык), літаратараў і паэтаў (В.Таўлай, А.Іверс, А.Сучок, М.Арочка, С.Дарожны, А.Лойка, і інш.), артыстаў (У.Антонік), спартсменаў (У.Раманоўскі, І.Ціхан і інш.)
У Афганістане загінулі 6 слонімцаў: У. Комлеў, М. Якімец, М. Кузьміцкі, С. Мыслівец, А. Скок, А. Супрун.
Багата Слонімская зямля і на цудоўныя архітэктурныя помнікі. Жамчужынамі дойлідства з’яўляюцца: касцёл і кляштар бернардінцаў (пабудаваны ў першай палове XVІ стагоддзя, цяпер Свята-Троіцкая праваслаўная царква); будынак сінагогі (1642г.) – помнік архітэктуры барока; касцёл бернардзінак з кляштарам (1664-1670, зараз дзейнічае). Уражвае сваёй узнёслай прыгажосцю касцёл Святога Андрэя, закладзены ў 1490 годзе Казімірам ІV Ягелончыкам. Паспрыяла развіццю Слоніма і недалёкая адлегласць ад Жыровіц з іх вядомай праваслаўнай святыняй – Жыровіцкім манастыром, з цудоўным абразом Маці Божай. Па свайму канфесійнаму складу Слонім складаецца з вернікаў – католікаў, праваслаўных, мусульман, яўрэяў.
У нашым горадзе можна атрымаць, як прафесійную адукацыю: ў Мінскай духоўнай семінарыі, Слонімскім духоўным вучылішчы, Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, Слонімскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Слонімскім дзяржаўным палітэхнічным прафесійным ліцэі, Слонімскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці.
Сёння Слонім адзін з найбольш развітых у прамыслова-культурных адносінах горад Гродзенскай вобласці. Тэрыторыя раёна складае 1,5 тыс. кв. км. У 147 населеных пунктах (уключаючы г.Слонім) жыве больш за 64 тысячы чалавек. Слонім размешчыны ў даволі маляўнічым кутку Беларусі. На Слонімшчыне працякаюць 30 рэк (Шчара, Іса і інш.), 40 крыніц, ёсць чатыры возеры, шмат вадаёмаў і навакольных ландшафтаў надаюць яго абліччу яшчэ адну прывабную рысу.
Бібліяграфія:
- Алексніна, І. А. Слонімскі школьны тэатр / І. А. Алексніна // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. – Т. 2. – Мінск, 2003. – С. 355.
- Волковысско-Слонимский локальный район // Туристическая мозаика Беларуси / редкол.: А. И. Локотко и др. – Минск: Беларуская навука, 2011. – С. 334 – 340.
- Кахаю пяшчотна чароўны мой Слонім (Слонімшчына ў творах землякоў): бібліяграфічны спіс літаратуры да 760-годдзя з першага летапіснага ўпамінання г. Слоніма. – Слонім, ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” філіял “Гарадская бібліятэка № 2”, 2012. – 18 с.
- Лойка, А. Роднае: Трыпціх / А. Лойка // Выбраныя творы: у 2 т. –Мінск, 1992. – Т. 2. – С. 335 – 361.
- Саламаха, А. А. Слонімская балетная школа / А. А. Саламаха // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. – Т. 2. – Мінск, 2003. – С. 353.
- Слонім // Культура Беларусі: энцыклапедыя. У 6 т. – Т. 6. – Мінск, 2015. – С. 360 – 362.
- Слоним // Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. – Т. 4. Гродненская область. Кн. 2. – Минск, 2014. – С. 350 – 374.
- Слоним // Республика Беларусь: энциклопедия. В 6 т. – Т. 6. – Минск, 2008. – С. 706 – 716.
- Слонім // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. – С. 336 – 343.
- Слонімскі раён // Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. – Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 3. – Мінск, 2017. – С. 337 – 442.
- Слонімскі тэатр Агінскага // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. – Т. 2. – Мінск, 2003. – С. 354 – 355.
- Слонимский район // Пресс-тур в глубинку: информационный проект Министерства информации Республики Беларусь и белорусской прессы. – Минск: Международный центр интеграционной информации; Общественный пресс-центр Дома прессы, 2006. – С. 130 – 159.