База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Дарожны Сяргей

Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада) 1909-1943
Беларускі паэт

Сяргей Міхайлавіч Серада нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў г. Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Серады пакінула родныя мясціны і ў 1915 годзе апынулася ў бежанстве ў Варонежы. Бацьку мабілізавалі ваяваць на фронт, адкуль ён не вярнуўся.
Маці з чатырма дзецьмі ў 1918 годзе вярнулася на Беларусь у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўмовах пасляваеннага голаду, холаду і разрухі маці было цяжка адной гадаваць сына і трох дочак. Таму старэйшых Сяргея (12 гадоў), Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы.
Тут, у дзіцячым доме, хлопчык-падлетак і пачаў сваю творчую паэтычную сцяжынку.
У 1924 годзе скончыў Мазырскую сямігадовую школу і паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.
У адзін з дзён 1925 года юнак прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчык літаратурнага аддзела газеты Кузьма Чорны, праслухаўшы некалькі радкоў з вершаў маладога паэта, быў уражаны творчасцю юнака. У хуткім часе самыя лепшыя творы нашага земляка былі надрукаваны на старонках газеты пад псеўданімам “Дарожны”. З той пары вершы Сяргея Серады рэгулярна пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку.
У 1926 годзе малады паэт быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, а потым стаў членам літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.
Першы паэтычны зборнік 17-гадовага юнака пад назвай “Звон вясны” выйшаў у 1926 годзе. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929 г.) і “Пракосы на памяць” (1932 г.).
Малады паэт, студэнт педагагічнага тэхнікума, а пасля – БПУ меў вялікую папулярнасць сярод слухачоў, асабліва сярод моладзі. Падчас сустрэч з чытацкай аўдыторыяй слухачы разам з паэтам чыталі яго вершы.
Галоўнай тэмай паэта Сяргея Дарожнага, як і ўсіх яго сучаснікаў, было новае пераўтварэнне рэспублікі. Паэт славіў гераічныя будні савецкай Беларусі, апісваў хараство Палесся і гаротнасць палешукоў. Каб лепш спазнаць жыццё рабочых, паэт нават нейкі час працаваў на шкляной гуце ў Барысаве. Адтуль ён прывёз у сталіцу новыя творы, дзе ўслаўляў працоўныя будні.
Будучы сынам Заходняй Беларусі, Сяргей Дарожны ў творчых радках выказваў сваё хваляванне за лёс жыхароў роднай Гродзеншчыны, якая апынулася пад уладаў Польшчы.
Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі».
Плённа займаўся паэтычнай творчасцю. У 1932 годзе выйшаў з друку трэці паэтычны зборнік “Пракосы на памяць”.
Пераклаў на беларускую мову творы рускіх пісьменнікаў: раман Г. Караваевай “Лесазавод”, вершы Э. Багрыцкага, С. Кірсанава, А. Твардоўскага, І. Уткіна, І. Хворыка, апавяданні У. Караленкі і інш.
Атрымаў заданне напісаць кнігу пра першага сакратара ЦК КП(б)Б Міколу Гукалу. Сяргей Дарожны адказна прыняўся за работу: збіраў матэрыялы, гутарыў з героем.

За сваё кароткае жыццё паэт паспеў выдаць тры кніжачкі вершаў:

• “Звон вясны”,
• “Васільковы россып”,
• “Пракосы на памяць”.

Рыхтаваўся да друку і чацвёрты зборнік паэзіі нашага земляка, але выйсці ён не паспеў, бо пражыў паэт усяго толькі трыццаць чатыры гады.

Праз доўгі час пасля смерці Дарожнага пад рэдакцыяй Максіма Лужаніна ў 1966 годзе выйшла кніга “Выбраныя вершы”, пад вокладкай якой сабрана лепшае з напісанага паэтам за нядоўгі перыяд яго літаратурнай творчасці.

Віртуальнае  падарожжа па  старонках  творчасці

Бібліяграфія:

1.       Багдановіч, І. Э. Дарожны Сяргей / І. Э. Багдановіч, А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 329.
2.       Бечык, В. Л. Дарожны Сяргей Міхайлавіч / В. Л. Бечык // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 273.
3.       Буцько, Лідзія. Трагічны лёс паэта / Лідзія Буцько // Слонімскі веснік. – 2004. – 24 лютага. – С. 4.
4.       Дарожны Сяргей Міхайлавіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 644.
5.       Дарожны Сяргей Міхайлавіч // Культура беларусі. – У 6 т. – Мінск, 2012. – Т. 3. – С. 365 – 366.
6.       Жыбуль, Віктар. Хто сеяў словаў шчырых жменю? / Віктар Жыбуль // Роднае слова . – 2011. – № 2. – С. 17 – 19.
7.       Рублевская, Людмила. “Адзін, як месяц…” Штрихи к портрету Сергея Дорожного / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. – 2009. – 16 мая. – С. 23.
8.       Саламевіч, І. У. Дарожны Сяргей Міхайлавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 6. – С. 56.
9.       Сяргей Дарожны: бібліяграфічны паказальнік / Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; складальнік Л. І. Буцько, рэдактар Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская. – Слонім, 2006. – 8 с., [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»).

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”