База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Лейка Кандрат

Кандрат Лейка (Кандрат Тодаравіч Лейка) 1860-1921

Беларускі паэт, празаік, драматург

 канца XIX – пачатку XX стагоддзяў

Кандрат Тодаравіч Лейка нарадзіўся 17 верасня 1860 года ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Азярніцкім народным вучылішчы. У 1879 г. скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю.

Працаваў настаўнікам  у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Тут у вольны ад педагогікі час пачаў пісаць вершы для дзяцей на беларускай мове.

Яшчэ ў маленстве Кандрат Лейка застудзіў ногі, бо давялося хадзіць босаму па халоднай расе за статкам. У выніку гэтага захварэў рэўматызмам. Усё жыццё балелі ногі. Доктар параіў змяніць клімат на больш цёплы і сухі.

У 1884 годзе Кандрат Лейка пераехаў жыць на Украіну ў Харкаўскую губерню,  дзе і пражыў большую частку свайго жыцця. Працаваў настаўнікам Лініўскага пачатковага народнага вучылішча, а праз год – настаўнікам Аснавянскага народнага вучылішча.

У гэты перыяд жыцця піша вершы “Журавель” (1885), “Птушкі”, “Рабко” (1886), “Песня” (1889).  У 1893 годзе ў Харкаве выйшла з друку першая кніга К. Лейкі “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”.

З 1896 года Кандрат Лейка займае пасаду інспектара Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей. Часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскім часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, у харкаўскай перыёдыцы – газеце “Губернские ведомости» і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам “Мрачный”.

З 1911 года ў газеце “Наша ніва” пачалі друкавацца апавяданні Кандрата Лейкі, п’есы, пераклады з украінскай мовы.

Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні “Кульгавы дзядзька Раман” і “Таклюся Сухотніца”, 1912; “Пан Трудоўскі”, 1914).

Апавяданні вылучаюцца пранікнённым лірызмам (“Успамін”, 1911), дабрадушным гумарам (“Абмылка”, 1915).

У апавяданні “Панас Крэнт” (1913) аўтар паказаў вобраз кулака-крывасмока.

П’еса “Снатворны мак”, выдадзеная асобнай кнігай у Вільні ў 1912 годзе, мае казачна-фантастычны сюжэт з расліннага і жывёльнага свету. Гэта п’еса – першая спроба ў беларускай літаратуры стварыць драматычны твор для лялечнага тэатра.

У 1914 годзе Кандрат Лейка па прапанове Янкі Купалы падабраў і выслаў у Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні творы для кнігі, якую хацеў назваць “Засеўкі”.  У лісце да выдаўцоў ён выказаў просьбу “не мяняць слоў, бо я стараўся пісаць іх так, як гавораць каля Слоніма, дзе беларуская мова лічыцца самаю чыстаю”.

Кніга так і не пабачыла свет, перашкодзіла Першая сусветная вайна.

У 1918 годзе хвароба ног абвастрылася: Кандрата Лейку паралізавала. Бездапаможнага пісьменніка пляменнікі перавезлі ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана. Тут і прайшлі апошнія гады яго жыцця.

Цяжка хворы, Кандрат Лейка працягваў пісаць творы, вёў актыўную перапіску з беларускімі сябрамі з мэтай перадаць на радзіму сваю творчую спадчыну.

У 1921 годзе выслаў у віленскае Беларускае навуковае таварыства 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі. Але сшыткі згубіліся і да сённяшніх дзён іх лёс невядомы.

6 верасня 1921 года Кандрата Лейкі не стала. Ён пахаваны на адным са старых могілак Здалбунава.

Дзякуючы намаганням слонімскага гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына, у 2015 годзе да 155-гадовага юбілею земляка многія  вершы і апавяданні пісьменніка выйшлі ў свет пад адной вокладкай кнігі “Пан Трудоўскі”.

Аддзелам абслугоўвання і інфармацыі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа да новага выдання юбіляра створаны буктрэйлер “Кандрат Лейка. “Пан Трудоўскі” – незабытая творчасць земляка”.

Буктрэйлер размешчаны ў сетцы “Інтэрнэт” і на сайце ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”, што дае магчымасць пазнаёміцца з творамі Кандрата Лейкі па-за сценамі бібліятэкі.

Бібліяграфія:

1. Герасімчык, В. Наш славуты зямляк. Да 135-годдзя з дня нараджэння Кандрата Тодаравіча Лейкі (1860 – 1921 гг.) / В. Герасімчык // Слонімскі веснік. – 1995. – 16 верасня. – С. 4.
2. Кандрат Лейка // Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 1 / [Рэдкал. Р. Барадулін і інш.; уклад. А. Мальдзіс і інш.; рэд. і аўтар прадм. Н. Гілевіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 621, [3] c.: іл. – С. 558.
3.

Лойка, А. А. Кандрат Лейка // Гісторы беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: падручнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ. У 2 ч. Ч. 2 / А. А. Лойка. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск: Вышэйшая школа, 1989. – 478, [3] c. – С. 402 – 409.

4. Кандрат Лейка: бібліяграфічны паказальнік / Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; склад. Л. І. Буцько, рэд. Р. А. Тырля. – Слонім, 2006. – 8, [1] с.: [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; Цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»).
5. Мельнікава, З. П. Лейка Кандрат / З. П. Мельнікава // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4: Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; [пад рэд. А. В. Мальдзіса; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – 521, [7] с.: партр. – С. 27 – 28.
6. Саламевіч, І. У. Лейка Кандрат Тодаравіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9: Кулібін – Малаіта / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 1999. – 557, [3] с.: іл. – С. 189.
7. Лейка Кандрат Тодаравіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 139.
8. Саламевіч, І. У. Лейка Кандрат Тодаравіч / І. У. Саламевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. Т. 3: Карчма – Найгрыш / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986. – 750, [2] с.: іл. – С. 213.
9. Сідаровіч, Мікалай. Кандрат Лейка вяртаецца на Беларусь / Мікалай Сідаровіч // Золак над Шчарай: [літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання] / Слонімскае літаб’яднанне; [рэд. С. А. Прасняк, рэц. І. У. Саламевіч, уклад.: І. Л. Сяргейчык, Р. А. Пастухоў]. – Слонім: [Слонімская ўзбуйненая друкарня], 1994. – 118 с.: партр. – С.81 – 88.
10. Сідаровіч, Мікалай. Наш Зямляк Кандрат Лейка / Мікалай Сідаровіч // Літаратура і мастацтва. – 1986. – 4 красавіка. – С. 11.
11. Сідаровіч, Мікалай. Пакінуў Кандрат Лейка / Мікалай Сідаровіч // За перамогу камунізму. – 1989. – 7 кастрычніка.
12. Сидорович, Н. Служил простым людям / Н. Сидорович // Гродненская правда. – 1988. – 26 апреля.

 

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”