База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Арочка Мікола

Мікола Арочка (Мікалай Мікалаевіч Арочка ) 1930 -2013

Беларускі паэт, літаратуразнавец,

крытык, празаік, перакладчык

У гісторыю беларускай літаратуры  Мікола Арочка ўвайшоў як паэт, літаратуразнавец, крытык, празаік і перакладчык,  доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Мікалай Мікалаевіч Арочка  нарадзіўся 10 снежня 1930 года ў вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў польскай школе, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны – у Сялявіцкай школе на роднай беларускай мове.

Вялікакракоцкую сямігодку Мікола Арочка скончыў у 1948 годзе. Дэбютаваў у друку  ў 1949 годзе, калі  ў баранавіцкай абласной газеце “Чырвоная звязда”  былі надрукаваны яго першыя вершы.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Азярніцкай сярэдняй школе (1951) і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння БДУ (1956) Мікола Арочка працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі” (1956-1960), газеце “Літаратура і мастацтва” (1962).

У 1966 годзе  пісьменнік  закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН БССР і з таго часу працаваў там спачатку малодшым (1966-1969), пасля старэйшым (1969-1986) і вядучым навуковым супрацоўнікам. Абараніў кандыдацкую, прысвечаную ВалянцінуТаўлаю (1967) і доктарскую – пра беларускі паэмны эпас (1980).

Апошнія два дзесяцігоддзі, пасля трагічных лёсаў сваіх сыноў, пражыў пісьменнік у слонімскай глыбінцы, у роднай вёсцы Вецявічы, куды разам з унукам пераехаў са сталіцы.

Рэдка калі можна было застаць творцу мастацкага слова за пісьмовым сталом у роднай хаце ў Вецявічах. Яго пісьмовы стол – гэта зялёны палетак, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык ці ўласныя калені. Ён часцей за ўсё працаваў з рыдлёўкай ці касой у руках. Неслухмяныя, пакручаныя пальцы мастака трымалі то плуг, то касу, то аловак. Паэту даводзілася складаць вершы літаральна падчас ворыва, баранавання бульбы, падчас абкошвання канавы ці пасучы коз.

Мікола Арочка спадзяваўся, што гаючая праца на роднай зямлі верне сілы, не дазволіць упасці ў беспрасветны смутак.

“У Вецявічах я загнаны ў кут бездухоўнасці, нясу адплату свайму  лёсу. Але вершы пішуцца, бо тут па-іншаму я ўбачыў і адчуў жыццё, яго смак” – расказваў паэт у 1998 годзе пра сваё сялянскае жыццё ў вёсцы сваім сябрам Сяргею Чыгрыну і Мікалаю Супруну.

І на пашы, і на сенажаці Мікола Арочка не разлучаўся з лазовым кошыкам, у якім ляжалі рукапісы і Біблія. Рукапісы ён увесь час дапісваў і дапрацоўваў, а Біблію чытаў у любую вольную хвіліну.

За гады літаратурнай дзейнасці Міколы Арочкі выйшлі ў свет шматлікія паэтычныя зборнікі: “Не ўсе лугі пакошаны” (1958), “Вераломная паласа” (1962). “Крылатае семя” (1967),  “Кветкі бяссмертніку” (1972), “Матчына жыта” (1978), “Бяздоннае” (1985), “Падземныя замкі” (1986), зборнікі выбранай паэзіі “Колас на ржышчы” (1980) і  “Памяць зярняткаў” (1991), зборнік на рускай мове “Гнездо аиста“.

Мікола Арочка –  аўтар драматычных паэм: “Курганне. Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990), аповесці “Хай расце маладая таполя” (1964), вершаў для дзяцей “У птушынай вёсцы” (1964), гумарыстычных вершаў “Рагуля на экскурсіі” (1962, у сааўт.).

Выйшлі з друку  літаратуразнаўчыя даследаванні Міколы Арочкі:

  • “Валянцін Таўлай” (1969),
  • “Беларуская савецкая паэма” (1979),
  • “Максім Танк. Жыццё ў паэзіі” (1984),
  • “Поэзия и война» (1987),
  • “Пад высокай зоркай: паэзія М. Ю. Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова” (1990),

Зборнікі крытычных артыкулаў:

  • “Галоўная служба паэзіі” (1974),
  • “Сучасная беларуская паэзія” (1976),
  • “Саюз часу і майстэрства” (1981).

Мікола Арочка перакладаў творы з рускай, латышскай, польскай і англійскай моў. У тым ліку – паасобныя творы А. Пракоф’ева, Я. Райніса, У. Бранеўскага і Д. Байрана.

У апошні час свайго жыцця 82-гадовы Мікола Арочка моцна хварэў, таму яго з жонкай Марыяй Іванаўнай унук Валера забраў у Мінск.

 2 сакавіка 2013 года сэрца славутага слонімскага літаратара, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі спынілася. Пахаваны ў вёсцы Вецявічы побач з сынамі.

 

Бібліяграфія:

1.       Арочка Мікалай Мікалаевіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск: БЕЛТА, 2004. – С. 642.
2.       Гоўдзіч, І. М. Арочка Мікола // Культура Беларусі: энцыклапедыя. У 6 т. – Мінск, 2010. – Т. 1. – С. 214.
3.       Гурская, А. С. Арочка Мікола / А. С. Гурская // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 1. – С. 156.
4.       Гурская, А. С. Арочка Мікола / А. С. Гурская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 172.
5.       Мікола Арочка // Анталогія беларускай паэзіі: у 3 т. – Мінск, 1993. – Т. 3. – С. 49.
6.       Мікола Арочка // Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990) : даведнік. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. – С. 25.
7.       Мікола Арочка: бібліяграфічны паказальнік / Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; складальнік Л. Ф. Утлік, рэдактар Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская. – Слонім, 2006. – 9 с., [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»).
8.       Саламевіч, І. У. Арочка Мікола / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1996. – Т. 1. – С. 502 – 503.
9.       Янкоўскі, М. А.  Арочка Мікола / М. А. Арочка // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск, 1992. – Т. 1. – С. 98. – Бібліягр.: 98 – 102.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”