Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) 1912-1999
Беларускі паэт
Іван Дарафеевіч Міско нарадзіўся 15 мая 1912 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці вяла гаспадарку, бацька часта працаваў на будаўніцтве дарог і мастоў. У 1914 годзе сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні, у Кіеве, і толькі ў 1918 годзе вярнуліся на Беларусь.
Чытаць і пісаць па-руску навучылі бацькі. Пасля вучыўся ў польскай пачатковай школе.
У 1926 годзе Іван Міско паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Тут пачаў знаёміцца з роднай літаратурай. Беларуская паэзія стала для юнака жыццёвым спадарожнікам, і ён сам пачаў пісаць вершы. Але ў 1928 годзе каля сотні вучняў, у тым ліку і Івана Міско, выключылі з гімназіі за падпольную дзейнасць супраць польскіх уладаў. Спробы працягваць вучобу ў Клецкай і Навагрудскай гімназіі былі таксама безвыніковымі.
У 1931 годзе юны “бунтар” апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры пад наглядам польскай паліцыі. З гэтага часу будучы пісьменнік цалкам прысвяціў свой час паэтычнай творчасці.
Вершы, каб не ведала паліцыя, хто піша, падпісваў псеўданімам Анатоль Іверс, дома хаваў у саламянай страсе, пасылаў у віленскія беларускія газеты і часопісы (“Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Асва” і інш.).
Першы верш “Вёска” быў надрукаваны ў часопісе “Літаратурная старонка” ў студзені 1934 года.
У 1939 годзе ў Вільні выйшаў з друку першы паэтычны зборнік Анатоля Іверса “Песні на загонах”, які змяшчаў 26 вершаў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Дарафеевіч працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца”. У 1940 годзе стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Іверс стаў адным з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху на Слонімшчыне. У ліпені 1943 года гітлераўцы пачалі арышты падпольшчыкаў. У рукі СД трапілі сябры-падпольшчыкі Іверса, а таксама жонка Вера Міско. Усе яны загінулі ў лагерах смерці. Анатолю Іверсу з астатнімі падпольшчыкамі ўдалося дабрацца да партызан.
У лесе выдаваў лістоўкі і антыфашысцкую газету „Барацьба”.Быў абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Разам з тым, прызначаны намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Ф.Э.Дзяржынскага брыгады імя К.К.Ракасоўскага па разведцы.
У гады вайны ад рук фашыстаў загінулі ўсе родныя паэта: жонку і бацьку Анатоля Іверса вывезлі ў Калдычэўскі лагер смерці і расстралялі. Брат-партызан загінуў у баях з акупантамі. Жахлівую, прапітаную болем тэму вайны паэт адлюстраваў у сваёй творчасці (“За край”,“Ліст у Нямеччыну”).
Пасля вайны да 1947 года Анатоль Іверс працаваў адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты “Вольная праца”. З 1947 па 1949 гады – сакратаром выканкама Слонімскага гарсавета. Але, нягледзячы на былыя заслугі перад Айчынай, Анатоль Іверс савецкай уладзе “не внушал политического доверия». Таму замест творчай працы паэт з 1949 па 1965 гады працуе спачатку майстрам насмолазаводзе, а потым тэхнолагам лесахімічнага завода.
У 1964 годзе Анатоль Іверс усё ж такі атрымаў партызанскія дакументы, урадавую ўзнагароду. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.
У 1966 годзе вярнуўся ў рэдакцыю слонімскай газеты “За перамогу камунізму” (былая “Вольная праца”).
З мая 1972 года – на пенсіі. Але з 1976 да 1984 года працаваў адказным сакратаром раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Вынікам творчага шляху Анатоля Іверса сталі шэсць паэтычных зборнікаў: “Песні на загонах” (1939) „З пройдзеных дарог” (1970), „Жыву ў бацькоўскім краі” (1982), „Я пайшоў бы ўслед за летам” (1987), „Прыдарожныя сосны” (1995), „Травень” (1998).
Шмат вершаў Анатоль Іверс прысвяціў сваёй Слонімшчыне: “Мой горад”, “Слонім – мой родны горад”, “Па-над Слонімам стыне…”, “Чамяры”, паэма “Вуліца Івана Дабрыяна” і іншыя.
Паэзія Анатоля Іверса напоўнена бескарыслівай любоўю да Радзімы, да свайго народа, да чалавека працы.
Памёр 26 кастрычніка 1999 года.
Па матэрыялам:
- Іверс Анатоль // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск: БЕЛТА, 2004. – С. 645 – 646.
- Іверс Анатоль // Анталогія беларускай паэзіі У 3 т. Т. 1 / [Рэдкал. Р. Барадулін і інш.; уклад. А. Мальдзіс і інш.; рэд. і аўтар прадм. Н. Гілевіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 621, [3] c.: іл. – С. 388.
- Ненадавец, А. М. Іверс Анатоль / А. М. Ненадавец // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4: Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; [пад рэд. А. В. Мальдзіса; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – 521, [7] с.: партр. – С. 8 – 9.
- Пяткевіч, А. М. Іверс Анатоль / А. М. Пяткевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1986. – Т. 2. – С. 555.
- Жыцце і творчасць Анатоля Іверса : успаміны, здадкі, рэцэнзіі, прысвячэнні, пісьмы, фотаздымкі/ уклад. і камент. С.Чыгрына. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – 208 с.
- Іверс Анатоль // Беларускія пісьменннікі (1917-1990) : даведнік. / склад. А.К. Гардзіцкі ; нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск.: Мастацкая літаратура, – С. 229.
- Анатоль Іверс // Золак над Шчарай : [літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання]. – Слонім : [б. в.], 1994. – С. 8.
- Чыгрын, С. Не пыталі, ці зжата, ці скошана… / Сяргей Чыгрын // Ніва. – 2000. – 23 студ. (№ 4)
- Калеснік, У. Лёсам пазначаная: выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / У. Калеснік. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1982. – 262 – 264 с.
- Раманчук, А “Пячэ сэрца збуджаны верш… / Анатоль Раманчук // Гродзенская праўда. – 1997. – 20 мая (№ 55). – с. 3.
- Лойка, А. Там, дзе цяпер ніхто не жыве… / Алег Лойка // За перамогу камунізму. – 1982. – 15 мая.
- Бічэль-Загнетава, Д. “Я ушел бы вслед за летом…” / Данута Бічэль-Загнетава // Гродзенская праўда. – 1982. – 15 мая.
- Сяргейчык, У. “Агонь душы не патушу”: 90 год А. Іверсу // Слонімскі веснік. – 2002. – 16 мая.
- Анатоль Іверс // Пад гукі паланэза : літаратурны альманах / Слонімскае літаратурнае аб’яднанне Анатоля Іверса . – Слонім : Слонимская типография, 2005. – С. 6.