Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч) 1880-1944
Беларускі паэт, перакладчык, музыкант, калекцыянер, мастак пачатку XX стагоддзя.
Ілья Міхайлавіч Ляўковіч нарадзіўся 20 ліпеня 1880 г. у горадзе Слоніме Гродзенскай вобласці ў сям’і вясковага каваля. Бацька, Міхаіл Ляўковіч, пераехаў у Слонім з вёскі Шайпякі (зараз – в.Шэйпічы, Пружанскі раён). Пабудаваў драўляную хату на вуліцы 3-га Мая (зараз – Чырвонаармейская). Маці, Мар’яна Мешэдэр, добра гаварыла па-нямецку, па-польску, па-беларуску.
Першую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў спачатку ў прыходскай школе, пасля скончыў Слонімскае павятовае вучылішча.
З 1896 года працаваў пісарчуком у каморніка (землямера), затым у канцылярыі міравога суддзі.
Скончыўшы спецыяльныя курсы, юнак набыў прафесію чарцёжніка і ў 1904 годзе падаўся ў Варшаву, дзе ўладкаваўся чарцёжнікам у будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата.
У пачатку 20-х гадоў спрабаваў перабрацца ў Вільню, але не змог уладкавацца на працу, таму ў 1924 годзе вярнуўся назад у Варшаву, дзе жыў на палажэнні то дробнага служачага, то беспрацоўнага.
У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, што прыязджалі ці жылі ў польскай сталіцы. Актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці: выступаў на вечарынах, дзе чытаў свае вершы, спяваў песні на свае словы, акампануючы на гітары.
У 1905 годзе І.М. Ляўковіч пазнаёміўся з творамі Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, з выданнямі “Наша доля” і “Наша ніва”. З 1907 года становіцца супрацоўнікам газеты “Наша ніва”, на старонках якой былі надрукаваны яго вершы пад псеўданімам “Гальяш Леўчык”.
Сярод песняроў таго часу – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Альберта Паўловіча і іншых – выразна гучаў і голас Ляўковіча. Гэтаму сведчыць яго паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”, які выйшаў у свет у 1912 годзе.
У сваіх творах Гальяш Леўчык выкарыстаў фальклорны матэрыял (санет “На купалле”, вершы “Чыжык”, “Вецер вее”, “Пры калысцы” і іншыя).
Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты, артыкулы з газет і часопісаў, у якіх друкавалася пра Беларусь і яе культуру.
У Слоніме ў 1920 годзе на былым бацькавым селішчы Гальяш Леўчык пабудаваў невялікую хатку (№ 73), якая нагадвала яшчэ адзін маленькі своеасаблівы музей беларускай літаратуры і мастацтва, падобны да музея-кватэры ў Варшаве. На сценах у рамках віселі ўласныя малюнкі Гальяша Леўчыка, фотаздымкі беларускіх паэтаў, шмат было розных кніг, роспісаў, старых рэчаў, музычных інструментаў.
Гальяша Леўчыка часта наведвалі слонімскія паэты: Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі і іншыя. Ілья Міхайлавіч уважліва ставіўся да творчасці маладых літаратараў, з задавальненнем чытаў іх вершы, даваў парады.
Зімой Ілья Ляўковіч жыў у Варшаве, а летам спяшаўся на Слонімшчыну, дзе яму найлепш думалася, пісалася.
У час Першай сусветнай вайны Ілья Міхайлавіч па стану свайго здароўя не трапіў на фронт, але пільна сачыў за яе падзеямі, на сабе адчуваў пакуты жыхароў прыфрантавых населеных пунктаў. Перажытае і перадуманае клалася ў вершаваныя радкі. (“Восень”,“Дажынкі на Беларусі ў 1920 годзе”).
Калі шматпакутная зямля Заходняй Беларусі трапіла пад уладу панскай Польшчы, Гальяш Леўчык пачаў супрацоўнічаць з заходнебеларускімі газетамі і часопісамі. У сваіх творах ён адмаўляў панскі рэжым, устаноўлены на заняволеных гонях роднага краю. (Верш “Калыханка”(1926), “Груганы”).
Акрамя паэзіі, Гальяш Леўчык спрабаваў свае сілы ў прозе і публіцыстыцы, пісаў сатырычныя вершы і творы для дзяцей.
Актыўна перакладаў з польскай і рускай паэзіі. Ім перакладзены на беларускую мову асобныя творы Міцкевіча, Славацкага, Сыракомлі, Канапніцкай, Тэтмайера, Тувіма і іншых майстроў мастацкага слова.
Але, на жаль, гэтая творчая актыўнасць Гальяша Леўчыка не была выдадзена асобнымі кнігамі ці зборнікамі.
Гасцявалі ў паэта ў Слоніме і многія беларускія дзеячы: мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Адам Станкевіч, Міхась Лынькоў.
14 лістапада 1939 года ў госці да Гальяша Леўчыка спецыяльна заехаў Янка Купала. Ён вяртаўся дадому з Беластока, дзе быў на Народным сходзе. Падахвочаны народным паэтам Гальяш Леўчык пачаў рыхтаваць да друку свае творы. Ды толькі чорная фашысцкая навала перабіла ўсе планы і мары.
У клопатах за сваю ўнікальную бібліятэку Гальяш Леўчык падаўся ў Варшаву, адкуль яму ўжо не суджана было вярнуцца. У акупіраванай немцамі Варшаве 64-гадовы паэт моцна хварэў, галадаў.
У 1944 годзе Гальяша Леўчыка не стала.
Літаратурная спадчына Гальяша Леўчыка не такая і вялікая, але тое, што ён пакінуў для нашчадкаў, сведчыць аб арыгінальнасці і самабытнасці майстра мастацкага слова.
Да 100-гадовага юбілея паэта ў 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнай кнігай выбраныя творы Гальяша Леўчыка пад назвай “Доля і хлеб”. Выданне таксама змяшчае артыкул Уладзіміра Калесніка “Даніна сэрца”, раздзел “Успаміны пра Гальяша Леўчыка” (дзе ўспамінаюць: Зоська Верас “Гальяш Леўчык”, Анатоль Іверс “Далёкі ўспамін”, Сяргей Новік-Пяюн “Дзядзька Гальяш”).
Па матэрыялам:
1. | Базарэвіч, М. Даніна сэрца. Да 110-годдзя з дня нараджэння нашага земляка Гальяша Леўчыка / М. Базарэвіч // За перамогу камунізму. – 1990. – 19 ліпеня. |
2. | Базарэвіч, М. Талент самабытны і арыгінальны / М. Базарэвіч // За перамогу камунізму. – 1985. – 20 ліпеня. |
3. | Гальяш Леўчык: бібліяграфічны паказальнік / Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; складальнік Л. І. Буцько, рэдактар Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская. – Слонім, 2010. – 14 с., [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»). |
4. | Гальяш Леўчык // Анталогія беларускай паэзіі: у 3 т. – Мінск, 1993. – Т. 1. – С. 472 – 473. |
5. | Ёрш, Сяргей. Цікавая знаходка пра слонімскага паэта Гальяша Леўчыка і яго сям’ю / Сяргей Ёрш // Слонімскі веснік. – 2015. – № 137 – 138. – С. 6. |
6. | Жыбуль, В. “… Цi ж тварэнне дабра мае канчатак?” / В. Жыбуль // Роднае слова. – 2005. – № 7. – С. 9 – 11. |
7. | Іверс, А. “Чыжыку” – 85 гадоў / А. Іверс // Слонімскі веснік. – 1997. – 7 кастрычніка. |
8. | Калеснік, У. А. Леўчык Гальяш / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1986. – Т. 3. – С. 247 – 248. |
9. | Калеснік, Уладзімір. Гальяш Леўчык. / Уладзімір Калеснік // Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. – Мінск, 1982. – С. 3 – 30. |
10. | Лепко, Елена. Гальяш Леўчык / Елена Лепко // Есть у города слава гордая: краеведческие очерки / Е. В. Лепко. – Слоним, 2002. – С. 5 – 12. |
11. | Леўчык Гальяш // Культура Беларусі: энцыклапедыя. – Мінск, 2014. – Т. 5. – С. 74. |
12. | Лойка, А. А. Гальяш Леўчык / А. Лойка // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: падручнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ. У 2 ч. / А. А. Лойка. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск, 1989. – Ч. 2. – С. 398 – 402. |
13. | Мельнікава, З. П. Леўчык Гальяш / З. П. Мельнікава // Беларускія пісьменнікі: бібляграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 4. – С. 33 – 34. – Бібляігр.: 34 – 35. |
14. | Міско, І. Паэзія спачування народу / І. Міско // За перамогу камунізму. – 1980. – 19 ліпеня. |
15. | Рублевская, Л. Слонимский чижик / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2010. – № 115. – 23 июня. – C. 20. |
16. | Рылко, М. Верный своей лире / М. Рылко // Гродненская правда. – 1976. – 27 ноября. |
17. | Саламевіч, І. У. Леўчык Гальяш / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1999. – Т. 9. – С. 225. |
18. | Саламевіч, І. У. Леўчык Гальяш / І. У. Саламевіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 647. |
19. | Саламевіч, Янка. Голас высакароднай душы. Да 100-годдзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка / Янка Саламевіч // Літаратура і мастацтва. – 1980. – 25 ліпеня. – С. 15. |
20. | Саламевіч, Янка. Леўчык Гальяш / Янка Саламевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С. 357 – 358. |
21. | Хмара, С. Гальяш Леўчык / С. Хмара. – Шлях моладзі. – [1938. – № 25 (141). – 8 снежня. – C. 4]. |