База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Пастухоў Рудольф

Рудольф Пастухоў  (Рудольф Аляксеевіч Пастухоў) (1936 -1997). Слонімскі паэт, аўтар кнігі вершаў “Судьба”.

Нарадзіўся 26 верасня 1936 года ў Рыбінску Яраслаўскай вобласці. Рана застаўся без бацькоў, таму трапіў у ГУЛАГ, дзе адчуў усе жахі сталінскага рэжыму. Рос і выхоўваўся ў Буйскай дзіцячай працоўнай калоніі Кастрамской вобласці (1950-1953 гг.), дзе ў 1951 годзе напісаў свой першы верш, змешчаны ў насценнай газеце.

Шляхі-дарогі кідалі паэта па ўсёй былой дзяржаве. Працаваў на лесапавалах, у каменным кар’еры, на таёжных будоўлях, быў поварам, цесляром, сувязістам, электрыкам, кіраўніком дому культуры. І дзе б ён не быў, заўсёды яго спадарожніцай была творчасць. Свае вершы ён пісаў усюды: за кратамі, у тайзе, на лесапавале, у каменным кар’еры, у доме культуры, на фабрыцы… Вершы паэта друкаваліся ў перыядычных выданнях Казахстана, Алтая, Томска, Яраслаўля.

У 1970 годзе пераехаў у Слонім, дзе і застаўся жыць. Працаваў электрыкам на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы.

Свой вольны час Рудольф Пастухоў прысвячаў паэтычнай творчасці. Асабліва любіў пісаць вершы на дачы ў Чамярах.

Асноўная тэма паэзіі Рудольфа Пастухова – рабочая. Вершам уласцівы аптымізм, гатоўнасць супрацьстаяць любым цяжкасцям, уменне адчуць сябе шчаслівым у  цэнтры рабочых будняў. Але ўмеў ён пісаць і ўсхваляваныя вершы, адклікаючыся на падзеі сучаснасці.

Першая паэтычная падборка Рудольфа Пастухова з’явілася ў мясцовай газеце “За перамогу камунізму”.   Пасля яго вершы друкаваліся ў газеце  “Гродзенская праўда”, часопісах “Нёман”, “Крыніца”, у альманаху “Золак над Шчарай”, у штотыднёвіку “ЛіМ”, штогодніку “Дзень паэзіі – 98” і іншых расійскіх і беларускіх перыядычных выданнях.

Акрамя паэтычнай творчасці Рудольф Пастухоў пэўны час актыўна займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, быў абраны дэпутатам Слонімскага гарадскога Савета дэпутатаў (1990 г.).

Узнагароджаны значком “Актывіст Савецкага фонду міру”.

У 1994 г. з друку ў Слоніме выйшаў першы і адзіны зборнік паэзіі “Судьба”. Гэтая кніга – лёс паэта. Гэта балючая споведзь чалавечай душы, якую напаткаў жорсткі лёс.

Рускамоўныя вершы паэта аўтабіяграфічныя, яны нібы раскладзены ў храналагічнай паслядоўнасці: пасляваеннае дзяцінства, лагер, праца, каханне, мясціны над Шчарай. Тут і “томящая грусть и зовущая память”, тут і тая “горбушка, триста граммов хлеба, что мне отвесила война”, тут и “холмик моей мамы”, і “шаги часового…”. З дапамогай паэтычнага слова  Рудольф Пастухоў успамінаў, разважаў пра перажытае – каб выгаварылася збалелая душа.

Тут і філасофскі падтэкст:

  • гісторыя чалавека на яго шляху ад цемры да святла.

“Я солнце собираю по лугам,

В охапку, как большой букет сирени,

Несу тебе – пусть светит по ночам,

Убрав из жизни сумерки и тени…”

Рудольф Пастухоў рыхтаваў да друку другі зборнік сваіх вершаў. Займаўся перакладамі. Працаваў над п’есаў “Камера”, якая засталася незакончанай.

15 верасня 1997 года  паэта не стала. Пахаваны, як і прасіў пры жыцці, у вёсцы Заверша Слонімскага раёна, на радзіме продкаў сваёй жонкі. Менавіта гэтым Рудольф Пастухоў у апошні раз зазначыў сваю прыналежнасць да Беларусі, хоць этнічна і не з’яўляўся беларусам.

Па матэрыялам:

1.      Бічэль, Данута. Паэт з берагоў Шчары // Пастухов, Рудольф. Судьба : рассказы в стихах / Рудольф Пастухов . – Слоним : ТАРО, 1994. – С. 3 – 4.
2.      Рудольф Пастухоў // Елена Лепко. Есть у города слава гордая : краеведческие очерки / Елена Лепко. – Слоним: Слонимская типография, 2002. – С. 65 – 69. – Библиогр. : с. 70 – 72.
3.      Рудольф Пастухоў // Золак над Шчарай : [літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання]. – Слонім : [б. в.], 1994. – С. 52.
4.      Рудольф Пастухоў // Пад гукі паланеза : літаратурны альманах / Слонімскае літаратурнае аб’яднанне Анатоля Іверса . – Слонім : Слонимская типография, 2005. – С. 11.
5.      Чобот, Алесь. История одного из нас / Алесь Чобот // Пастухов, Рудольф. Судьба : рассказы в стихах / Рудольф Пастухов . – Слоним: ТАРО, 1994. – С. 37 – 44.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018

ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”