База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

write your detail or leave blank

Руцкая Алена

Алена Руцкая (Алена Вітальеўна Руцкая)

Паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратуразнавец, метадыст. Выдатнік народнай асветы Беларусі, заслужаная настаўніца Беларусі, вядучы спецыяліст у галіне выкладання беларускай літаратуры і рыторыкі, перакладчык. Дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Я. Купалы.

Алена Вітальеўна Руцкая нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. Чытаць навучылася вельмі рана, у 5-гадовым узросце. Напэўна, таму першыя вершы будучай паэтэсы пачалі з’яўляцца яшчэ ў малодшым узросце.

У 1961 годзе сям’я Руцкіх пераехала ў горад Слонім, у пасёлак Альбярцін. У 1966 годдзе Алена закончыла сярэднюю школу  №7 і паступіла на  філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах паэтэсы, выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. Гэта працяг дынастыі: дзядуля будучай паэткі працаваў загадчыкам дзіцячага дома, маці была настаўніцай.

Вучоба ў БДУ прыйшлася на той час, калі там выкладалі такія майстры слова, як прафесар Ларчанка М. Р., Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Алег Лойка і іншыя выдатныя асобы. У той жа час ва ўніверсітэце дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Узлёт” (кіраўнік Алег Лойка), якое аб’ядноўвала як крытыкаў, так і літаратараў. “Узлётаўцы” наведвалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе прысутнічалі на  імпрэзах і творчых вечарынах, пасля абмяркоўвалі пачутае. Акрамя гэтага, была магчымасць выступаць з уласнымі творамі перад навучэнцамі школ, працоўнымі.

Вершы пачала пісаць у 1 класе. Упершыню надрукавалася ў 1964 годдзе ў часопісе “Бярозка”, у 1966 годзе – ў газеце “Голас Радзімы”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках “Свет вачыма дзяцей”, “Напісалі кнігу самі”, “Натхненне”, “Універсітэт паэтычны”.

У 1971 годзе юнай паэтэсе пашанцавала пабываць на фестывалі маладых літаратараў з усяго ў тыя часы Савецкага Саюза ў Ерэване. Фестываль, па словах Алены Руцкай, стаў штуршком да перакладчыцкай дзейнасці. І сёння яна перакладае творы з украінскай і рускай мовы на беларускую.

 

Пасля заканчэння БДУ (у 1971 годзе) Алена Руцкая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сценявіцкай васьмігадовай школе Слонімскага раёна, у Судзільскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна. З 1977 года па 1992 год настаўнічала ў “Сярэдняй школе № 2 горада Слоніма”, дзе, па словах Алены Руцкай, усіх іх “…натхняла на працу і творчасць Людміла Антонаўна Клімовіч. І тое, што я ў 1986 годзе стала заслужанай настаўніцай – гэта і яе заслуга” (з тэлефоннай размовы Сяргея Чыгрына з паэтэсай, 1999 г.).

З 1977 года пачала друкаваць рэцэнзіі, нарысы на маральна-педагагічныя тэмы, артыкулы па выкладанню беларускай мовы і літаратуры ў школе.

У 1982 годзе Алене Руцкай прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. У 1986 годзе – “Заслужаны настаўнік Беларусі”.

З 1985 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З 1992 г. жыве ў Гродна. Працуе ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы, выкладае методыку літаратуры, рыторыку. Супрацоўнічае з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў.

У сваім жыцці Алена Руцкая нібы вядзе паралельна дзве адметныя лініі, якія ўдала пераплятаюцца: паэтычная творчасць і выкладчыцкая дзейнасць. Аўтар паэтычных зборнікаў “Сцяжыны” (1983), «Роздум» (1988), калектыўных зборнікаў паэзіі, вершаў і загадак для дзяцей, шматлікіх публікацый. Вершы паэтэсы кранаюць лірызмам, апавядальнасцю, вытанчаннасцю. У паэзіі спрабуе знайсці адказ на шматлікія пытанні, якія ставіць перад чалавекам час:

Жыццё пражыць – не поле перайсці.

Жыццё пражыць – сваё засеяць поле.

Як зазначае літаратуразнавец Пятро Маляўка, яе творы — “эстэтычнае сцвярджэнне народных маральна-этычных каштоўнасцей, паэтызацыя пачаткаў народнага жыцця”.

Алена Руцкая – адна з слонімскіх паэтаў, якая найбольш яскрава адлюстравала горад Слонім у сваіх творах:

У маладзіковым чоўне вечар

Наплывае ціха на сады.

І здаецца,чутны ў шэпце вецця

“Паланэз Агінскага” тады.

Алена Руцкая цудоўна валодае гумарыстычным словам. Яе вершаваным гумарэскам, сатырычным вершам і байкам характэрны дасціпны гумар, шматзначны сэнс, лёгкасць успрымання. Многія творы паэтэсы перакладзены на рускую, украінскую, польскую, армянскую, туркменскую і іншыя мовы.

Педагагічнае майстерства Алены Вітальеўны высока ацэнена ўзнагародамі, прызнаннем калег, настаўнікаў. Педагагічны вопыт заслужанай настаўніцы Беларусі і сёння запатрабаваны як у школе, так і ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Алена Руцкая з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў у галіне методыкі выкладання літаратуры і рыторыкі. Выкладчыкам роднай мовы адрасаваны яе шматлікія выданні: навукова-метадычных дапаможнікаў “Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе” (1999); “Пазакласная праца па беларускай літаратуры ў школе” (2000); “Методыка выкладання беларускай літаратуры: дапаможнік для студэнтаў” (2004, у сааўтарстве); “Беларуская літаратура ў школьным выкладанні. Вучэбна-метадычны дапаможнік” (2006, у сааўтарстве), метадычны дапаможнік “Пад ветразем спасціжэння і творчасці” (2010, у сааўтарстве),метадычныя выданні “Беларуская літаратура: зборнік творчых заданняў” (5-9, 9-10 кл., 2012, у сааўтарстве), “Падвіжніца педагагічнай справы. Літаратурнае краязнаўства” (2013, у сааўтарстве). Аўтар шматлікіх публікацый. Паралельна Алена Вітальеўна рэдагуе падручнікі для беларускамоўных класаў Польшчы. Аўтар электронных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для 5-10 класаў.

Алена Вітальеўна з’яўляецца членам журы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. На вершы паэтэсы кампазітар Алег Пяткун напісаў гімн алімпіяды, які ўжо некалькі гадоў натхняе творчую моладзь:

Плыві,плыві ладдзя алімпіяды,

Пад ветразямі ведаў праз гады.

Няхай навукі вабяць далягляды

Таленавітых, творчых, маладых!

Сёння Алена Вітальеўна — дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы, лiтаратуразнавец, метадыст, лiтаратурны крытык, заслужаны настаўнiк Беларуci, выдатнік асветы,  паэтэса, член СПБ, сябра рэдакцыйнай рады часопіса “Беларуская мова і літаратура”.

 

Па матэрыялам:

1. Руцкая, А. Алімпіядка. Загадкі / Алена Руцкая // На Нёманскай хвалі: Літаратурны альманах. № 5. – Гродна: Гродзенская друкарня, 2016. – С. 150 – 151.
2. Руцкая, А. Метамарфозы. Трыялет. Па гулкіх праспектах нясецца скразняк… / Алена Руцкая, уклад. Ю. У. Голуб // Галасы: штогоднік. № 3. – Гродна: Рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”,  2004. – С. 161 – 162.
3. Руцкая, А. Першая сустрэча / Алена Руцкая // Слонімскі веснік. – 2018. – № 69 – 70. – (13 чэрвеня).
4. Руцкая, А. Роздум: вершы, паэма / Алена Руцкая. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. – 94 с.
5. Руцкая, А. Трыялеты. Па гулкіх праспектах нясецца скразняк… Санет. Час. Праверка (байка). Выратавальныя сінонімы. Здзівіў. У чужым воку парушынка (па матывах прымавак) / Алена Руцкая // На Нёманскай хвалі: Літаратурны альманах. № 1. – Гродна: Гродзенская друкарня, 2009. – С. 86 – 89.
6. Чарныш, А. З любоўю – да Алены Руцкай / Аліна Чарныш // Слонімскі веснік. – 2018. – № 72 – 73. – (20 чэрвеня).

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”