База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Янка Саламевіч

 Янка Саламевіч (Іван Уладзіміравіч Саламевіч, 1938 – 2012) – літаратуразнавец, крытык, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1989 г. Кандыдат філалагічных навук з 1971 г.). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі (1976 г., за выданне Беларускай Савецкай энцыклапедыі ў 12 тамах).

Вядомы беларускі навуковец Янка Саламевіч зрабіў значны уклад у вывучэнне і збіранне беларускага фальклору, развіццё беларускай фалькларыстыкі, літаратуразнаўства і краязнаўства.

Нарадзіўся Іван Уладзіміравіч 29 кастрычніка 1938 года на Слонімшчыне ў вёсцы Малая Кракотка ў сялянскай сям’і.

У 1955 годзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Вялікая Кракотка. У гэтым жа годзе пачаў друкавацца ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца” (зараз “Слонімскі веснік”).  Першы артыкул у рэспубліканскім друку з’явіўся ў 1957 годзе. Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ (1955-1960 гг.).

Працаваў у выдавецкім аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі), у выдавецтве Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі.

У 1967 г. скончыў аспірантуру пры кафедры бе­ларускай літаратуры БДУ. 3 1968 г. працаваў старшым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры,мовы, фальклору і этнаграфіі БелСЭ. Пасля абароны ў 1971 г. кандыдацкай дысертацыі стаў адным з заснавальнікаў і супрацоўнікам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”.

Іван Уладзіміравіч – чалавек шырокай эрудыцыі, вялікага дыяпазона ведаў. Ён прымаў удзел у стварэнні пяцітомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977–1984), энцыклапедычных даведнікаў “Янка Купала” (1986) і “Францыск Скарына і яго час” (1988), двухтомнай энцыклапедыі “Беларускі фальклор” (2005–2006) і іншых фундаментальных прац гэтага выдавецтва. У 1976 г. за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі Я. Саламевіч атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Янка Саламевіч – вялікі беларускі энцыклацедыст, роўнага якому ў Беларусі больш няма. 36 гадоў, болыпую палову свайго жыцця, ён аддаў працы ў “Беларускай Энцыклапедыі”.

Круг творчых інтарэсаў навукоўца надзвычай шырокі – ад энцыклапедычных выданняў да кніжак для дзяцей. Я. Саламевіч – аўтар манаграфіі “Міхаіл Федароўскі” (1972), ў якой на падставе архіўных росшукаў, аналізу прац іншых фалькларыстаў паказаў уклад у беларускую навуку праз вусную народную творчасць беларускага фалькларыста канца XIX – пачатку XX ст. М. Федароўскага, гісторыю збірання ім розных жанраў беларускага фальклору. Я. Саламевіч выступіў таксама ўкладальнікам, перакладчыкам на беларускую мову і аўтарам прадмовы да кнігі М. Федароўскага “Люд беларускі: вяселле” (1991). Складзены ім бібліяграфічны даведнік “Беларускі фальклор, 1926 – 1963” (1964) разам з працамі А. Шлюбскага і М. Грынблата стварыў панараму ўсёй бібліяграфіі беларускай фалькларыстыкі. Для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Я. Саламевіч разам з А. Налівайкам і М. Пятровічам склаў “Хрэстаматыю па беларускай дзіцячай літаратуры” (1966). Фальклорныя запісы і архіўныя знаходкі вучонага ўвайшлі ў выданні серыі “Беларуская народная творчасць” – “Дзіцячы фальклор” (1972), “Сацыяльна-бытавыя казкі” (1976), “Прыказкі і прымаўкі” (1976), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Гульні, забавы, ігрышчы” (1996) і інш. Я. Саламевіч з’яўляецца складальнікам фальклорных зборнікаў для дзяцей “Беларускія загадкі” (1982,1989) і “Мама Мышка сушыла шышкі: беларускія народныя скарагаворкі” (1983). У сааўтарстве з Н. Ляшковіч ім складзены выбраныя творы Г. Леўчыка “Доля і хлеб”. У навуковы абарот Я. Саламевічам уведзены невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш.Я. Саламевіч удзельнічаў у выданні літаратурна-мастацкіх календароў “Кола дзён”, сам склаў “Каляндар памятных дат, 2001”. Выступаў перакладчыкам з рускай, украінскай, польскай моў. 3 1979 г. па 1988 г. разам з іншымі філолагамі цікава вёў тэлечасопіс “Роднае слова”. У 1993– 2003 гг. у адрыўным календары “Родны край” змяшчаў артыкулы пра фалькларыстаў, этнографаў, казачнікаў, краязнаўцаў, этнамузыколагаў.

У навуковы абарот Я. Саламевічам уведзены невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш. Таксама выступаў перакладчыкам з рускай, украінскай, польскай

Але самай любімай справай даследчыка, яго хобі на ўсё жыццё стала вывучэнне беларускіх псеўданімаў. У пачатку сваей працоўнай дзейнасці ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. I. Леніна Я. Саламевіч меў доступ да самых розных перыядычных выданняў. Тады і пачаў ён збіраць матэрыял, на аснове якога потым быў створаны «Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI – XX стст.)” (1983). Над гэтым унікальным па сваёй працаёмкасці даследаваннем Я. Саламевіч працаваў амаль 20 год і ўключыў у яго каля чатырох тысяч прозвішчаў. Працы над абранай тэмай даследчык не спыняў на працягу ўсяго свайго жыцця. Марыў выдаць трохтомнік слоўніка псеўданімаў і крыптанімаў, а яшчэ слоўнік гаворак роднай вёскі. На жаль не паспеў. Але паспеў ён за сваё жыццё зрабіць, акрамя слоўніка, яшчэ вельмі шмат.

Янкі Саламевіча не стала 31 ліпеня 2012 года.

 Бібліяграфія:

Творы і пераклады Я. Саламевіча:

1.      Беларуская балада: анталогія / склад. Я. Саламевіч; уступ. артыкул В. Бечыка; маст. М. С. Басалыга. – Мінск: Мастацкая лiтаратура, 1978. – 510 с., 10л. іл.
2.      Беларускія загадкі / уклад. Я. Саламевіч; маст. Р. Цімохава. – Мінск: Юнацтва, 1989. – 64 с., іл.
3.      Леўчык, Гальяш. Доля и хлеб: выбраныя творы / Гальяш Леўчык; склад. Я. Саламевіч, Н. Ляшковіч. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 189, [3] с., іл., партр.
4.      Максім Багдановіч: энцыклапедыя / склад. І. У. Саламевіч, М. В. Трус; пад навук. рэд. М. В. Труса. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя iмя П. Броўкi, 2011. – 605, [2] с.
5.      Максім Гарэцкі:  успаміны, артыкулы, дакументы / склад. А. С. Ліс, І. У. Саламевіч. – Мінск:  Мастацкая лiтаратура, 1984. – 366 с., іл., партр.
6.      П’есы ХIХ – пачатку ХХ ст.:  п’есы /  склад. Я. Саламевіч. – Мінск :  Беларуская Энцыклапедыя, 1998. – 384с.  – (Школьная бібліятэка).
7.      Саламевіч, Я.  З лексікі вёскі Малая Кракотка // Роднае слова. – 2008. – №10. – C.40–44.
8.      Саламевіч, Я. Псеўданімы Якуба Коласа // Роднае слова. – 2006. –№11. –  С.66–68.
9.      Саламевіч, Янка. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVІ – ХХ стст.) / Янка Саламевіч. – Мінск: Мастацкая літаратура. – 1983. – 205, [3] с.
10.   Чачот, Я. Свіцязь // Выбраныя творы / Ян Чачот; [складальнік Я. Саламевіч; прадмова, пераклад з польскай мовы і каментарыі К. Цвіркі; мастакі: Э. Э. Жакевіч, Ю. А. Тарэеў; рэдактары: Л. В. Календа, У. М. Жук]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1999. – 320 с. – (Школьная бібліятэка).

Латаратура аб Я. Саламевічу:

1.      Каханоўскі, Г. А. Саламевіч Янка / Г. А. Каханоўскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 4. –С. 614.
2.      Рагойша, Вячаслаў. Абраннік роднага слова. Памяці Янкі Саламевіча / Вячаслаў Рагойша // Літаратура і мастацтва. – 2012. – № 32. – С. 21.
3.      Саламевіч Іван Уладзіміравіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 649 – 650.
4.      Спрынчан, А. В. Саламевіч Янка / А. В. Спрынчан // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 2002. – Т. 14. – С. 99.
5.      Урупіна, Г. М. Саламевіч Янка / Г. М. Урупіна // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск, 1995. – Т. 5. – С. 242 – 244.
6.      Янка Саламевіч: бібліяграфічны паказальнік / [Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; склад. Л. І. Ціханчук, рэд. Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская]. – Слонім, 2008. – 11 с.: [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»).

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”