База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Іван Сяргейчык

Сяргейчык Іван Лук’янавіч (1949 – 2006 гг.) – празаік, паэт, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1995 г.)

Іван Лук’янавіч Сяргейчык нарадзіўся ў вёсцы Вострава на Зэльвеншчыне 17 жніўня 1949 года. Там і прайшло яго дзяцінства.

Пісаць вершы пачаў яшчэ ў трэцім класе, калі вучыўся ў Пустаборскай пачатковай школе. А праз два гады ўжо ў 5 класе Галынкаўскай сярэдняй шко­лы аднойчы на ўроку беларускай мовы настаўніца Аляксандра Сцяпанаўна Цвікевіч убачыла лісток паперы, на якім быў напісаны верш «Ручэй». «Гэта яе заслуга, – гаворыць Іван Лук’янавіч, – што я сёння пішу, што ўлюблёны ў роднае слова, у родныя, блізкія і дарагія сэрцу краявіды».

Іван Сяргейчык скончыў Слонімскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Працаваў на будаўніцтве дарог у Сярэдняй Азіі.

З 1968 г. да 1990 г. служыў ў радах Савецкай Арміі. Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту Савецкіх войск у Афганістане (1981–1983 гг. і 1989 г.). Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Уваходзіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі (з 1995 г.).

Першы верш «Перед революцией» быў надрукаваны ў Слонімскай раённай газеце «За перамогу камунізму» у 1972 годзе. Творы І. Сяргейчыка друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, раённых газетах «Слонімскі веснік», «Праца» (г. п. Зельва), ў калектыўных паэтычных зборніках «Пад гукі Паланеза», «Золак над Шчарай», «Зоры над Зальвянкай».

У бібліятэчцы часопіса «Маладосць» за 1991 г. № 3 выйшла першая кніжка прозы Івана Сяргейчыка – «Горкі пыл Гіндукуша» (Афганскі дзённік). Пісаць пачаў Іван Лук’янавіч свой дзённік на самым пачатку «афганскай вайны», аб якой тады яшчэ мала хто і ведаў. У ім аўтар паспрабаваў асэнсаваць падзеі тых гадоў. Пісьменнік-«афганец» Іван Сяргейчык у Беларусі тады быў першы аўтар – удзельнік інтэрнацыянальнай вайны, не па выхаду кнігі, а па часе яе напісання. Афганскі дзённік – гэта шчырая споведзь воіна-інтэрнацыяналіста, які двойчы пабываў на палітай крывёю зямлі.

У 2006 годзе выйша яшчэ адна кніга І. Сяргейчыка, якую аўтар прысвяціў ўсім воінам-афганцам – зборнік аповесцяў і апавяданняў «Без права на літасць».

«Как часто нас мучает боль

Неутихшей афганской войны –

Бурлящий поток,

Минометные вспышки

с другой стороны…

Мне врезалась в память

Дырявая фляжка, последний глоток,

Который твой друг,

От себя отрывая, мальчишке сберег…»

Такія радкі напісаў Іван Лук’янавіч Сяргейчык у сваім вершы «Памяць».

Пасля службы ў арміі Іван Сяргейчык працаваў у Слонімскай друкарні загадчыкам гаспадаркі, у рэдакцыі газеты «Слонімскі веснік», у цэнтры пазашкольнай навучальнай работы «Скарбніца», дзе кіраваў літаратурным гуртком.

У 2005 годзе І. Сяргейчык выдаў зборнік аповядаў «Сцяжынка школьная мая…» пра адораных і таленавітых дзяцей Слонімшчыны. Героямі кнігі сталі школьнікі – лепшыя вучні школ раёна: пераможцы конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд  па вучэбных прадметах, юныя літаратары, спевакі, музыканты, танцоры. У малых літаратурных жанрах аўтар паспрабаваў раскрыць характары таленавітых падлеткаў, паказаць невымяральную роль педагогаў у выхаванні моладзі.

Многія школьнікі ведалі Івана Лук’янавіча не толькі як таленавітага пісьменніка, але і як разумнага, спагадлівага чалавека, заўсёды гатовага дапамагчы, падзяліцца вопытам. Ён умеў натхніць дзяцей на творчасць, паверыць у свае сілы. І. Сяргейчык неаднаразова бываў у школах горада, выступаў на ўрачыстых лінейках.

У 2002 годзе Іван Лук’янавіч быў абраны кіраўніком літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса. Так ён здолеў аб’яднаць людзей сталага веку і творчую моладзь Слонімшчына, а таксама захаваць памяць пра паэта-земляка Анатоля Іверса, надаўшы яго імя літаратурнаму аб’яднанню. Па ініцыятыве І. Сяргейчыка выдадзены ў Слонімскай друкарні літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання «Золак над Шчарай» (1994) і літаратурны альманах «Пад гукі паланэза» (2005), у якіх сабраны творы мясцовых літаратараў.

Івана Сяргейчыка не стала 16 чэрвеня 2006 года.

Па матэрыялам:

1.     

Войтка, Ірына. Сцяжынка школьная мая – ты стань шырокаю дарогай / Ірына Войтка // Слонімскі веснік. – 2005. – 19 кастрычніка. – С. 14.

2.     

Войтка, Ірына. Яго любілі ўсе / Ірына Войтка // Літаратура і мастацтва. – 2006. – № 30. – 28 ліпеня. – С. 15.

3.     

Камейша, Казімір. Самота (памяці Івана Сяргейчыка): верш / Казімір Камейша // Літаратура і мастацтва. – 2006. – № 30. – 28 ліпеня. – С. 15.

4.     

Лешчанка, Вольга. Сонечныя праменьчыкі маленькіх перамог / Вольга Лешчанка // Рэспубліка. – 2006. – 29 красавіка.

5.     

Літаратурная старонка памяці Івана Сяргейчыка // Слонімскі веснік. – 2006. – 8 жніўня. – С. 3.

6.     

Марціноўскі, П. Іван Сяргейчык / П. Марціноўскі // Праца. – 1989. – 23 лютага. – С. 3.

7.   

Марціноўскі, П. Першая кніга земляка / П. Марціноўскі // Праца. – 1991. – 9 мая.

8.     

Прасняк, Сяргей. Наканавана лёсам / Сяргей Прасняк // Слонімскі веснік. – 2004. – 21 жніўня.

9.     

Прокофьев, Игорь. Последний бой Ивана Лукьяновича / Игорь Прокофьев // Слонімскі веснік. – 2009. – 19 жніўня. – С. 11.
10.   Прокофьев, Игорь. “Стихи живут – и я живу на свете!..” / Игорь Прокофьев // Слонімскі веснік. – 2007. – 4 мая. – С. 4.

11.  

Саламаха, У. П.  З першапраходцаў “афганскай” тэмы / У. П. Саламаха // Званыя і выбраныя: кніга літаратурнай публіцыстыкі і рэцэнзій / У. П. Саламаха. – Мінск, 1999. – С. 125 – 126.
12.   Саламаха, Уладзімір. Застаўся назаўсёды чалавекам… / Уладзімір Саламаха // Літаратура і мастацтва. – 2006. – № 30. – 28 ліпеня. – С. 15.

13.  

Сяргеева, М. Афганская праўда / М. Сяргеева // Слонімскі веснік. – 1991. – 13 красавіка. – С. 4.

14.  

Сяргейчык Іван Лук’янавіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 651.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”