Таўлай Валянцін Паўлавіч (1914 – 1947) – беларускі паэт, публіцыст, даследчык літаратуры, перакладчык.
Валянцін Таўлай – адметная і непаўторная постаць ў беларускай літаратуры. У беларускім літаратуразнаўстве за Валянцінам Таўлаем замацаваўся тытул палымянага паэта-рэвалюцыянера. Ён належаў да таго маладога пакалення Заходняй Беларусі, якое амаль з дзяцінства было ўцягнута ў рэвалюцыйную барацьбу. І хоць пражыў В. Таўлай толькі трыдцать тры гады, ён пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну.
Нарадзіўся Валянцін Паўлавіч Таўлай 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічы ў сям’і чыгуначніка. Бацька Валянціна – Павел Дзям’янавіч Таўлай быў родам з вёскі Рудаўка, што на Слонімшчыне. Маці памерла рана. Бацька прывёз шасцігадовага сына ў родную вёску. Тут, у вёсцы Рудаўка, памершую маці замяняе дзецям бабуля Аўдоцця – простая непісьменная вясковая жанчына. Тым часам Павел Дзям’янавіч уладкоўваецца на працу ў Ліду, каб на заробленыя грошы адбудаваць хату. Сюды ён праз год забірае Валянціна, бо прыйшла пара вучыцца.
Першай навучальнай установай была гарадская польская школа. Вучань ён быў на дзіва здатны, па сваім развіцці на многа апераджаў іншых вучняў. Аднойчы і зусім здзівіў сваіх аднакласнікаў, калі настаўніца выклікала яго да дошкі і зачытала перад усім класам некалькі вершаў, напісаных па-польску. Затым пахваліла і сказала: “Добра, пішы, можа некалі будзеш сапраўдным паэтам”.
У 1924 годзе сям’я Таўлаеў зноў вяртаецца ў Рудаўку. Валянцін працягвае вучыцца ў польскай школе ў суседняй вёсцы. Потым была вучоба ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, экзамены ў якую ён здаў на выдатна і нават атрымаў магчымасць вучыцца за казённы кошт.
У 13-гадовым узросце В. Таўлай паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе вызначыўся як здольны паэт і надзейны сябар. Разам са сваім земляком Анатолем Іверсам яны выдавалі вучнёўскі часопіс “Золак”. Там Валянцін стаў камсамольцам. Вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі стала значным перыядам жыцця паэта. Тут ён хутка знаходзіць сваіх аднадумцаў, адразу ж уліваецца ў бурлівае грамадскае жыццё моладзі: уступае ў падпольную камсамольскую арганізацыю, удзельнічае ў дэманстрацыях, распаўсюджвае лістоўкі, піша рэвалюцыйнага зместу вершы.
Вярнуўшыся ў вёску Рудаўку, Валянцін працягвае падпольную работу. Але ў 1929 годзе ён быў арыштаваны. 10 месяцаў цягнулася следства па справе маладога Таўлая. Дзякуючы абароне адваката, ён выйшаў на волю. Каб не апынуцца за кратамі ізноў, у кастрычніку 1930 года ён нелегальна пераходзіць мяжу ў Савецкую Беларусь. Так пачынаецца новы, вельмі важны перыяд яго жыцця і творчасці.
Два гады прыбывання Валянціна Таўлая ў Мінску былі для яго суцэльнай паласой маладога шчасця, кахання, кіпучай працы, вучобы. Семнаццацігадовы юнак быў прыняты на сталую работу ў рэдакцыю газеты “Звязда”. Прыносіла радасць і вучоба ў Белдзяржуніверсітэце. Вялікай падзеяй у жыцці стаў дзень прыняцця ў члены БелАПП – 10 мая 1931 года (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў).
У снежні 1932 года Таўлая, ужо як члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, накіроўваюць на падпольную работу ў Варшаву. Асноўным плёнам яго працы ў тыя гады было выданне легальнай “Беларускай газеты” і згуртаванне вакол яе таленавітай моладзі. Па яго ініцыятыве адбыўся 1-шы з’езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Але зноў навісла пагроза арышту над Валянцінам Таўлаем. Кіраўніцтва падполля прымае рашэнне вярнуць яго ў Мінск. Але, пераходзячы мяжу, Таўлая зноў арыштоўваць.
З першых дзён студзеня 1934 года пачынаецца шматгадовая паласа турэмных мук паэта. За кратамі нараджаліся і новыя вершы. Ва ўмовах, калі не было нават кавалка алоўка паэту даводзілася трымаць свае вершы ў памяці.
Валянціну Таўлаю давялося сустрэць свабоду толькі ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь імклівым наступам Чырвонай арміі з усходу была далучана да Савецкай Беларусі. Трэба сказаць, што тады, у 1939 годзе, Таўлай нават был прыгавораны да расстрэлу. І толькі дзякуючы хуткаму пераходу горада Гродна, дзе ён знаходзіўся ў турме, у рукі Чырвонай Арміі, прыгавор не быў прыведзены ў выкананне.
Мірнае жыццё паэта няпоўныя два гады перад Вялікай Айчынный вайной прайшлі ў Лідзе. Тут ён працуе ў раённай лідскай газеце “Уперад”. Але асноўнай яго працай, вельмі напружанай, было ўзнаўленне з памяці свайго паэтычнага набытку, сваіх твораў, якія прасіліся ў свет. Мара аб выданні кнігі вершаў перарастае ў тытанічную працу па перагляду, дапрацоўцы твораў, напісаных раней.
З 1941 года В. Таўлай – член Саюза пісьменнікаў БССР. З кожным днём набліжалася здзяйсненне мары… Але лёс не быў літасцівы да паэта і яго вершаў. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны загінулі рукапісы новых твораў, што з’явіліся ў савецкі час.
Калі пачалася вайна, Валянцін Таўлай апынуўся на тэрыторыі, акупаванай ворагамі. Дастойна прайшоў ён праз пекла акупацыі, стаў арганізатарам антыфашысцкага падполля на Навагрудчыне, па заданіі партызан стварыў разведальную групу “Буравеснік”, якая перадавала шмат каштоўных звестак камандаванню пра дзейнасць акупантаў. Выступаў з вершамі ў партызанскай прэсе. У верасні 1943 года яго арыштавалі фашысты ў Лідзе разам з бацькам і мачыхай, да якіх Валянцін зайшоў пераначаваць, вяртаючыся з Вільні. Таўлая вызвалілі з турмы віленскія сябры-паэты. А вось яго родныя былі адпраўлены ў Асвенцім, дзе і загінулі.
Ні на хвіліну паэт не сумняваўся, што вораг будзе разгромлены. Каштоўнасць таўлаеўскіх вершаў ваеннага перыяду ў тым, што ў іх многія падзеі падаюцца праз пачуцці і бачанне чалавека, які быў павінен знаходзіцца ў варожым асяроддзі, бачыць фашысцкія зверствы і з гневам у сэрцы маўчаць.
Вызваленне прыйшло ў ліпені 1944 года. Валянцін Таўлай жыў тады з сям’ёй у Навагрудку.
Доўгачаканай была Перамога:
Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін,
Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах
I тужылі тугою магіл і краін
Па табе, залатая вясна Перамогі.
В. Таўлай
У першыя пасляваенныя дні В. Таўлай ўзяўся за аднаўленне гарадской друкарні. Працаваў сакратаром рэдактара раённай газеты. З вялікай радасцю прыняў запрашэнне жонкі Янкі Купалы – Уладзіславы Францаўны прыехаць у Мінск і супрацоўнічаць у арганізацыі музея народнага паэта. Рыхтаваў да выдання першую кнігу сваіх выбраных вершаў “Шляхі і краты”. I яшчэ адна шчаслівая падзея адбываецца ў ягоным жыцці: на свет з’яўляецца дачушка Галінка.
Планы і задумы перакрэслівае хвароба сэрца. 27 красавіка 1947 года беларуская літаратура страціла таленавітага і арыгінальнага паэта. Пахаваны Валянцін Таўлай у Мінску на вайсковых могілках.
Ужо пасля смерці паэта былі выдадзены некалькі збораў яго вершаў.
Сёння імя Валянціна Таўлая носяць вуліцы ў Баранавічах, Лідзе, Гродна, Слоніме, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна.
Па матэрыялам:
1. | Арочка, М. Валянцін Таўлай: крытыка-біяграфічны нарыс / Мікола Арочка. – Мінск: Беларусь, 1969. – 168 с.,1 л. партр. |
2. | Клышка, А. Неўміручасць слова / Анатоль Клышка // Таўлай, Валянцін. Пілую вершам краты: выбраныя творы / Валянцін Таўлай. – Мінск: Юнацтва, 1984. – С. 3 – 6. |
3. | Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.– Мінск: БелЭн, 2002. – Т. 15. – С. 459. |
4. | Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларускія пісьменнікі біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 80 – 81. – Бібліягр.: с. 81 – 84. |
5. | Валянцін Таўлай // Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990): даведнік / склад. А.К. Гардзіцкі. – Мінск, 1994. – С. 538 – 539. |
6. | Таўлай Валянцiн Паўлавiч // Памяць: гiсторыка-дакументальная хронiка Слонiмскага раёна. – Мінск, 2004. – C. 651 – 652. |
7. | Таўлай Валянцін Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.– Мінск: БелЭн, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 513. |