База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Ірына Войтка

Войтка Ірына Антонаўна – педагог, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2010 года, кіраўнік Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса.

Ірына Антонаўна Войтка нарадзілася 23 кастрычніка 1961 г. у вёсцы Каралін Зэльвенскага раёна. У 1979 г. скончыла Каралінскую СШ, у 1984 г. – філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Паэтычную натуру Ірыны Антонаўны разгледзелі настаўнікі. Яе выбар беларускай філалогіі быў добра асэнсаваным. У Белдзяржуніверсітэце І. Войтка вучылася ў паэтаў і навукоўцаў Алега Лойкі, Ніла Гілевіча, Таццяны Шамякінай, былі цікавыя сустрэчы на факультэце з Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Іванам Шамякіным.

У юнацтве вершы паэткі друкаваліся ў “Чырвонай змене”, зэльвенскай газеце “Праца”. Потым на старонках газет “ЛіМ”, “Настаўніцкая газета”, “Слонімскі веснік”, “Гродзенская праўда”, у часопісах “Маладосць”, “Роднае слова”, “Пралеска”, дзіцячым часопісе “Вясёлка”, у калектыўных зборніках паэзіі “Золак над Шчарай”, “Паэтычная Слонімшчына” , “Пад гукі паланэза”, “Зоры над Зяльвянкай”,  “Старонка” , “Дзень паэзіі 2006”, у літаратурных альманахах Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “На Нёманскай хвалі”. Творы паэтэсы ўключаны ў хрэстаматыю для старшакласнікаў “Сэрцам роднага слова краніся” (Мінск, “Народная асвета”, 1998), у зборнік гістарычнай літаратуры “Бацькаўшчына” (Мінск, “Юнацтва”, 2005) і іншыя выданні.

І. Войтка выдала тры кнігі паэзіі: “Спасціжэнне” (2003), “Пагляджу вачамі неба” (2010),” Кранаюся вечнасці”( 2021).

Вершы паэтэсы перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.

Творчасць слонімскай паэткі Ірыны Войткі даўно знаёма аматарам паэзіі. Тэматыка яе твораў разнастайная: аб роднай прыродзе, прыгажосці і вечнасці жыцця, аб продках і маці, аб духоўнасці і вечных ісцінах. Яе творчасць уражвае багаццем вобразаў, што бяруць свой пачатак з той моцнай унутранай крыніцы мастака, у якой з’ядналіся натхненне, яе асабістыя эмацыянальныя адчуванні, захапленні, уражанні. Лірычная жаночая душа, умела выкарыстоўваючы тонкія пачуцці, заварожвае любоўю да прыроды роднага краю, прымушае суперажываць разам з ёю, гаворачы пра каханне, навівае прыемны роздум, разважаючы аб жыцці і чалавечым шчасці. Ірына Антонаўна – паэт-псіхолаг. Яна ўмее ўпраўляць людскімі пачуццямі. Раскрываючы перад чытачом сваю душу, яна падпарадкоўвае сабе ягоную.

Вядомы беларускі літаратар Мікола Арочка, аналізуючы першы зборнік І. Войткі пісаў пра яе: “Паэтка з Боскай ласкі, прыроджана ўдумлівая, з уласным праніклівым лірычным голасам і з глыбока чуйнай душой, сваім непаўторным песнедарам”.

Пісьменнік Віктар Гардзей адзначыў: “Яе творы прывабліваюць сур’ёзным пошукам жыцця, пробай зразумець прызначэнне чалавека на зямлі, праз сваё ўласнае “я” спасцігнуць касмічныя тайны светабудовы. У аснове яе паэзіі глыбокі лірызм, шчырае непадробнае пачуццё, ёй падуладны яркія алітэраціі , сакавітыя свежыя метафары і іншыя мастацкія тропы”.

Асобнае месца ў творчасці I. Войткі займае патрыятычная тэма. Творы паэткі спрыяюць адраджэнню духоўнасці, выхаванню грамадзяніна і патрыёта, які паважае і шануе традыцыі свайго народа, ганарыцца яго духоўнай культурай, сваёй Радзімай. Ірына Антонаўна вядзе вялікую работу па папулярызацыі роднага слова, беларускіх аўтараў. Выступае з вершамі ў бібліятэках, школах і іншых навучальных установах, у працоўных калектывах. Паэтка ўлюбёна ў беларускую мову, гэта для яе найвялікшы скарб. У 2011 годзе да 50-гадовага юбілея паэтэсы Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа выдала невялікі зборнік яе вершаў, прысвечаных роднай мове і Беларусі “Спадчыны роднае слова” (Слонім, 2011).

О, роднае слова,

Ты люба і міла,

Ты сэрца сабою

Маё паланіла.

Як ты зразумела,

І шчыра, і блізка –

Матуля, сцяжынка,

Вясёлка, калыска…

(Роднае слова)

У  2023 г. Ірына Антонаўна стала пераможцам літаратурнага конкурса фестывалю “Вытокі” у намінацыі “Вершы пра галоўнае”. У выніку чаго на свет з’явілася песня “Роднае слова” ( музыка Валерыя Шмата, словы Ірыны Войткі”) у выкананні арт-групы “Беларусы”, якая гучыць на розных рэпубліканскіх пляцоўках, на радыё і тэлебачанні.

З 2006 г. І. Войтка кіруе Слонімскім літаратурным аб’яднаннем імя Анатоля Іверса пры газеце “Слонімскі веснік”. Аб’яднанне праводзіць работу з моладдзю па захаванню і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Сюды прыходзяць і далучаюцца людзі, каб наталіць душу хараством і веліччу Слова, каб несці святло і дабрыню па жыцці.

І. А. Войтка з 2002 па 2019 г. працавала загадчыкам дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад № 3 г. Слоніма”, якая працавала ў накірунку “Рэалізацыі адукацыйнай мадэлі “Этнасад”. Укараніла ў работу ўстановы тэхналогіі развіваючага навучання для вывучэння роднай мовы ў дашкольнікаў. Стварыла ў садку этнаграфічны музей. Вопыт работы калектыву прэзентаваўся ў навукова-метадычным часопісе “Пралеска”.

Біяграфія І. А. Войткі ўключана ў Энцыклапедыю “Кто есть Кто в Республике Беларусь. Образование. 2020 г.”,  у якой прадстаўлены працоўны, творчы і духоўны патэнцыял Беларусі.

Па матэрыялах:

  1. Золак над Шчарай: [літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання] / Слонімскае літаб’яднанне. – Слонім: [б. в.], 1994. – С. 40.
  2. Ірына Войтка // Гродзенская праўда [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://grodnonews.by/news/kultura/iryna_voytka.html. – Дата доступа: 11.01.2025 г.
  3. Паэты Гродзеншчыны рыфмавана павіншавалі вобласць з 75-годдзем // Гродзенская праўда [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://grodnonews.by/news/kultura/paety_grodzenshchyny_ryfmavana_pavinshavali_voblasts_z_75_goddzem.html. – Дата доступа: 11.01.2025 г.
  4. Войтка, Ірына. Жыве ў Слоніме Слова…[Электронны рэсурс] // Ірына Войтка. – Рэжым доступа: http://pisateli.by/2015/litobedinenie_slonim.pdf. – Дата доступа: 21.11.2018 г.
  5. Войтка, Ірына. Спадчыны роднае слова: вершы / Ірына Войтка; Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа, аддзел бібліятэчнага маркетынгу; [склад. Л. І. Буцько, рэд. Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская]. – Слонім: [б. в.]. – 2011. – [11] c.
  6. Войтка, Ірына. Спасціжэнне: вершы / Ірына Войтка. – Слонім: ГАУПП “Слонімская друкарня”, 2003. – 38, [2] с.
  7. Пад гукі паланеза: літаратурны альманах / Слонімскае літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса; [уклад. І. Л. Сяргейчык]. – Слонім: ГОУПП “Слонимская типография”, 2005. – 104, [8] с.: іл.
  8. Цывінская, Анна. Творчая зала Ірыны Войтка / Анна Цывінская // Слонімскі веснік. – 2015. – № 101 – 102. – 2 верасня.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”