Запрашаем пазнаёміцца з гісторыка-культурным нарысам!
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Слонімскага раёна: гісторыка-культурны нарыс / склад. Н.М. Гурская. – Слонім, 2019. – 44 с.: іл.
Нарыс змяшчае матэрыял па гісторыі Слонімшчыны. Падрабязней можна пазнаёміцца з апісаннем помнікаў прыроды, археалогіі, архітэктуры і этнаграфіі Слонімскага краю, са спісам страчанай спадчыны. Прызначаны для шырокага круга чытачоў.
Помнікі прыроды Слонімскага раёна
Каля 35% тэрыторыі раёну займаюць лясы: іглічныя, бярозавыя, яловыя, дубовыя. На тэрыторыі Слонімскага раёну знаходзіцца дзяржаўны батанічны заказнік дзікарослых лекавых раслінаў дзяржаўнага значэння, 2 ландшафтныя геамарфалагічныя заказнікі прыроды мясцовага значэння, маецца 13 помнікаў прыроды:
батанічныя:
– дуб чарэшчаты (Сянькоўшчынскае лясніцтва) і
– ліпа Каралінская (места Слонім);
– Слонімскі дуб
У цэнтральным парку Слоніма, за фантанам расце стары дуб. Ля камля, у самы шырокім месцы, яго таўшчыня склала амаль чатыры з паловай метры ў абхваце. Каб вызначыць узрост гэтага дуба, скарысталіся спецыяльнай схемай, паводле якой велічыню абхвату трэба памножыць на каэфіцыент, уласцівы адпаведнаму віду дрэва. Для дуба гэты каэфіцыент складае 1. Такім чынам, 450 см множым на 1 і высвятляем, што слонімскаму дубу болей за 400 гадоў?! Выходзіць, што дуб-дзядуля, які расце ў слонімскім парку, быў ці не равеснікам самога Льва Сапегі, сведкам дзейнасці Міхала Казіміра Агінскага і «гледачом» яго тэатральна-оперных пастановак!
– Ядлаўцовы гай
На ўскраіне вескі Кракотка, у лесе, ёсць вельмі прыгожая ядлаўцовая плантацыя.
• геалагічныя:
– Вялікі камень Смаўжоўскі
Веска Смаўжы Слонімскага раёна.
– Расколаты камень
Знаходзіцца ў Альбярцінскім лясніцтве. Даўжыня каменя 3,5 метра, шырыня 3 метры і вышыня каля 3,5 метраў. Аб’ём надземнай часткі – каля 25 квадратных метраў.
– Вялікі камень Сянькоўшчынскі – ледавіковы гранітны валун, прынесены ледавіком са Скандынавіі прыкладна 220-150 тысяч гадоў таму ў часы сожскага зледзянення. Вага яго 26 тон.
– Камлыга Кракоцкая з граніту.
Узрост яе 220–150 тысяч гадоў.
– Камень з ямкамі Кракоцкі.
Яго даўжыня каля 3,5 метраў, вышыня 1,5 метра. На паверхні гэтага валуна захаваліся пяць штучных адтулін, якія маюць культавае значэнне.
• геолага-геамарфалагічныя
Гэта рэспубліканскія помнікі прыроды – Кракоцкая града (знаходзіцца за 6 кіламетраў ад вёскі Сялявічы), гара Старажытная (знаходзіцца ў міжрэччы Ісы і Плехаўкі за 0,6 кіламетра на поўнач ад вёскі Дзераўная), Прырэчанская выдма (знаходзіцца за 4,5 кіламетра на поўдзень ад вёскі Паўлава), гара Пяроўка (знаходзіцца каля вёскі Васілевічы), гара Каўпак (знаходзіцца каля вёскі Парэчча).