Літаратурная гасцёўня “Лойка ў сэрцы Слоніма”
1 мая споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння паэта, пісьменніка, крытыка, дацэнта, доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры БДУ, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, дэкана філалагічнага факультэта Алега Антонавіча Лойкі.
З нагоды юбілею 29 красавіка ў Слонімскай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гасцёўня “Лойка ў сэрцы Слоніма”. Бібліятэкар Таццяна Сявец прадставіла прэзентацыю “…І сэрцам палюбіў я гэты кут – цябе, мой старадаўні, родны Слонім …” пра жыццёвы і творчы шлях Алега Антонавіча. На мерапрыемстве прысутнічала многа ганаровых гасцей, гэта людзі, якія вучыліся, працавалі, ішлі поруч па жыцці з Алегам Антонавічам. Цікавымі ўспамінамі пра свайго знакамітага дзядзьку падзялілася пляменніца – Вольга Уладзіміраўна Клімовіч. Родным людзям заўсёды ёсць што сказаць пра сваіх блізкіх, дарагіх сэрцу людзей. Ушанаваць памяць земляка прыйшла кіраўнік літаратурнага аб’яднання імя А. Іверса, якая з’яўляецца вучаніцай Алега Антонавіча, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Ірына Войтка. На сустрэчы прысутнічала добрая сяброўка літаратара – Ірына Яўгенаўна Радзецкая, якая з вялікім задавальненнем распавяла некалькі цікавых гісторый з жыцця Алега Антонавіча. Для музейнага пакоя паэта, які знаходзіцца ў Слонімскай раённай бібліятэцы, Ірына Яўгенаўна зрабіла каштоўныя падарункі, “школьнае пасьведчаньне”, білет вучня 10 класа, і цікавыя фотаздымкі з сямейнага архіва, якія дапоўнілі экспазіцыю нашага пакоя. Творчасць земляка любяць і ведаюць не толькі людзі старэйшага пакалення, але і моладзь. Прыгожа, ад душы вучаніцы 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Слоніма” Козырава Маргарыта, Чыгрын Вераніка, Ковалева Арына прачыталі вершы пра родную Слонімшчыну, бацькоўскі кут, цудоўную родную прыроду. На прыканцы мерапрыемства Таццяна Аляксандраўна запрасіла ўсіх прысутных у музейны пакой Алега Лойкі, дзе правяла экскурсію. Затым яна падзякавала ўсім, хто завітаў на мерапрыемства, каб узгадаць імя светлага, добразычлівага, таленавітага чалавека слонімскай зямлі. Алег Антонавіч Лойка пакінуў пасля сябе вялікую творчую і навуковую спадчыну, а таксама добрыя ўспаміны тых, хто вучыўся, працаваў і жыў побач з ім. Мы заўжды будзем помніць яго.











