Літаратурна-музычная гадзіна “Не пакідайце ж мовы роднай”
20 лютага філіял “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Васілевічы” прыняў удзел у праекце “Кожная пятніца — роднае, сваё”. У рамках праекта прайшла літаратурна-музычная гадзіна “Не пакідайце ж мовы роднай”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. На мерапрыемства былі запрошаны вучні ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”. Бібліятэкар паведаміла аб тым, што мова ўзнікла сотні тысяч гадоў таму назад і адыгрывае вялікую ролю ў жыцці людзей. Праз яе чалавек пазнае навакольны свет, яна звязвае яго з іншымі людзьмі, што стварае магчымасць атрымання інфармацыі і абмену ёю. Яшчэ ў 1910 годзе на Міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы па мілагучнасці беларуская мова была пастаўлена на другое месца пасля італьянскай. Такой мовай можна і неабходна ганарыцца. Наведвальнікам была прадстаўлена кніжная выстава “Як ты дорага мне, мая родная мова!”, а таксама яны зрабілі падарожжа па неабсяжнай краіне Мовазнавіі. Чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў і ўдзельнічалі ў конкурсах. З віншаваннем са святам да ўдзельнікаў завіталі вучні ДУА “Сянкоўшчынская дзіцячая школа мастацтваў”.






