Свята “Радзімы кут, дзе маю гонар жыць”
30 кастрычніка на базе філіяла “Азярніцкая сельская бібліятэка” прайшло свята “Радзімы кут, дзе маю гонар жыць”.
Менавіта ў Год народнага адзінства, дзякуючы праекту “Вяртанне да вытокаў”, які рэалізаваны Еўрапейскай асацыяцыяй Мясцовай Дымакратыі ALDA сумесна з аддзелам культуры Слонімскага раённага выканаўчага камітэта, у жыхароў аграгарадка Азярніца з’явіліся дадатковыя магчымасці для вывучэння і папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны малой Радзімы.
На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік аддзела культуры Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Г. В. Данільчык, каардынатар праекта “Вяртанне да вытокаў” А. Л. Завадскі, старшыня Азярніцкага сельскага выканаўчага камітэта Г. І. Пяцько, якія выказалі словы ўдзячнасці жыхарам аграгарадка за іх грамадскую актыўнасць, і падкрэслілі, што родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца вялікае жыццё. Азярніца мае старажытную гераічную гісторыю і цікавыя народныя традыцыі. У гэтым кутку Слонімшчыны ёсць свае гісторыка-культурныя аб’екты: храмы, старажытныя курганы і гарадзішчы, рэкі і азёры. Перад гасцямі выступіў паэт, літаратуразнаўца, гісторык, журналіст, краязнаўца С. М. Чыгрын, які паведаміў пра беларускіх пісьменнікаў, лес якіх звязаны з Азярніцай і падараваў бібліятэцы фотаздымкі Азярніцкага краю з асабістага архіва.
Таксама адбылося адкрыццё этнаграфічнай экспазіцыі “Спадчына Азярніцы”. Працавала выстаўка народных промыслаў. Вяскоўцам спадабалася выступленне творчых калектываў Слонімшчыны.