145 гадоў з дня нараджэння Алaiзы Пaшкeвiч (Цёткі)
Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Тымчасовы, Банадысь Асака – беларуская паэтка, пісьменніца, грамадскі дзеяч Алаіза Пашкевіч друкавалася пад мноствам імёнаў, але зараз яна найбольш вядомая нам пад ласкавым “Цётка”.
Нарадзілася Алаіза 15 ліпеня ў цяперашнім Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці ў дробнай шляхецкай сям’і.
Літаратурная спадчына Цёткі: паэзія, проза, публіцыстыка сведчыць аб ёй як асобе таленавітай, надзвычай эмацыянальнай, захопленай справай нацыянальнага адраджэння. Першыя друкаваныя творы яе з’явіліся ў выданнях “Круга беларускай народнай прасветы” ў Пецярбурзе: гэта верш “Мужык не змяніўся”, надрукаваны ў “Каляднай пісанцы” (1903), а таксама вершы “Нямаш, але будзе” і “Музыкант беларускі”, надрукаваныя ў “Велікоднай пісанцы” (1904).
А.С. Пашкевіч удзельнічала ў выданні газеты “Наша доля”, выдавала для дзяцей і моладзі часопіс “Лучынка”, арганізоўвала тайныя і легальныя беларускія школы ў Вільні і Лідзе. Гэта яна, Цётка, выступала ў друку са сваімі творамі раней за Янку Купалу і Якуба Коласа. І хоць яе літаратурная дзейнасць абмежавана ўсяго пятнаццаццю гадамі, але паэтычная спадчына пясняркі з трох кніг – “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” і “Вершы”– з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам нашага народа.
Падчас Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці. Калі ў 1916 годзе памёр бацька Пашкевіч, Алаіза прыехала на яго пахаванне, дзе сама заразілася тыфам, які лютаваў у той час на Лідчыне. Пайшла з жыцця паэтэса 5 лютага 1916 года і была пахаваная на могілках у родным Старым Двары.
З нагоды 145-годдзя славутай паэткі ў філіялах ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” арганізаваны выставы, кніжныя паліцы, пройдзе літаратурная гадзіна “На крылах рамантызму” (філіял Гарадская бібліятэка №2), адкрыты прагляд літаратуры “Зорка паэтычнага небасхілу” (Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа) і інш.