31 жніўня Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа правяла Коласаўскія чытанні
Дзень беларускага пісьменства – гэта асаблівае свята і выдатная магчымаць прадэманстраваць культурную спадчыну свайго края.
31 жніўня Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа правяла Коласаўскія чытанні, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства і 75-годдзю з Дня заснавання бібліятэкі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі аддзела культуры Слонімскага райвыканкама, супрацоўнікі ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», ДУК «Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага», навукоўцы, краязнаўцы, пісьменнікі і паэты, чытачы, ветэраны бібліятэчнай справы.
Вельмі прыемна, што ў чытаннях удзельнічалі нашчадкі Я. Коласа – Вера і Марыя Міцкевічы, з якімі бібліятэка падтрымлівае цесныя сувязі на працягу многіх гадоў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Лідзія Мальцава, начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык.
Падчас Коласаўскіх чытанняў прагучала шэраг дакладаў. Гісторыю бібліятэкі, яе шлях ад першых да нашых дзён распавяла дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Тамара Гайдук.
Таццяна Кузьмініч прэзентавала мультымедыйнае выданне “Слонім і наваколле праз прызму гістарычных дакументаў, паданняў, даследаванняў”.
Пра род Каменскіх у жыцці Якуба Коласа расказала сапраўдны, таленавіты прадаўжальнік рода Міцкевічаў, унучка беларускага песняра Вера Данілаўна.
Упершыню Слонімшчыну наведала старэйшая ўнучка Я. Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Тэма яе выступлення – “Коласава спадчына ў бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане”.
Пра сувязь Якуба Коласа са Слонімшчынай і яго ўплыў на творчасць мясцовых літаратараў распавялі старэйшы навуковы супрацоўнік установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” Аляксандр Крыжэвіч і пісьменнік, літаратуразнаўца, краязнаўца, гісторык, перакладчык, журналіст Сяргей Чыгрын.
Галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура”, прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алесь Бельскі правёў прэзентацыю кнігі пра вядомага слонімскага паэта Алега Лойку «Чалавек з сонечнаю ўсмешкай».
Сярод ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічала таксама дачка беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля Аляксандраўна Шувагіна-Адамовіч.
У гэты святочны дзень не абышлося без падарункаў, якія ад душы ганаровыя госці дарылі бібліятэцы.
Шмат цёплых слоў падзякі было выказана ў адрас ветэранаў бібліятэчнай справы і калектыву бібліятэчнай сістэмы. Коласаўскія чытанні сталі адметнай падзеяй у жыцці Слонімскай раённай бібліятэкі. І гэта ўжо старонка гісторыі бібліятэчнай справы Слонімшчыны