База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Ададурава Валянціна

Валянціна Ададурава (Валянціна Захараўна Ададурава) 1941 – 1995

Беларуская паэтэса, педагог.

Валянціна Захараўна Ададурава (дзявочае прозвішча Клыбік) нарадзілася 9 студзеня 1941 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучылася ў 7-годцы ў Хадзявічах, у Слонімскай СШ №1. У 1958 годзе скончыла Сянькоўшчынскую СШ Слонімскага раёна і паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. Пасля яго заканчэння з 1960 па 1962 гг. працавала ў Дзераўноўскім і Харашэвіцкім клубах Слонімскага раёна.

З 1962 па 1976 гг. настаўнічала ў 8-годцы ў Ялуцавічах Зэльвенскага раёна. У 1967 г. завочна скончыла аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. З 1976 года  выкладала беларускую мову і літаратуру ў СШ у вёсцы Казловічы (зараз – Елка) Зэльвенскага раёна.

У друку пачала выступаць з 1975 года. Вершы Валянціны Ададуравай друкаваліся ў зэльвенскай раённай газеце “Праца”, “Слонімскім весніку”, у зборніку паэтаў Гродзеншчыны “Краю мой – Нёман” (1986), часопісах “Роднае слова”, “Работніца і сялянка” і іншых рэспубліканскіх выданнях.

Па сваім светаадчуванні, манеры думаць і гаварыць Валянціна Ададурава была найперш вясковай, сялянскай паэткай. Правёўшы дзяцінства і юнацтва ў вёсцы, паэтка зрабіла яе галоўным героем у сваіх паэтычных радках, выказала нястрымную любоў да малой радзімы. Свае вершы яна прысвяціла роднай слонімскай вёсцы Хадзявічы, зэльвенскім вёскам Шавулічы, Манцякі, Ялуцавічы, Елка, Крамяніца, родным краявідам і землякам:

Гайдае рэчка тут ваду

Знаёмымі ўсплёскамі.

А я сцяжынкаю іду,

А я прыспешваю хаду —

Спаткацца з роднай вёскаю.

Валянціну Ададураву хваляў і лёс роднай зямлі, мовы і народа, і прыгажосць беларускай прыроды, і пытанні маралі, міру.

Пры жыцці Валянціна Ададурава паспела выдаць толькі адзіны зборнік светлай паэзіі “Глыбінка”, які выйшаў у 1994 годзе ў Слонімскай друкарні. Гэтая кніга – сапраўдны зборнічак жаночых пачуццяў, захапленняў, радасці, дзе хораша апета родная зямля, што так прыцягвала чулае сэрца паэткі.

Творчых задумак у Валянціны Захараўны было шмат. Але лёс не даў іх здзейсніць. Цяжкая хвароба рана спыніла яе жыццё.

20 верасня 1995 года паэтэсы не стала.

Бібліяграфія:

1.     Ададурава, Валянціна. Глыбінка: вершы / Валянціна Ададурава. – Слонім: [б. в.], 1994. – 79 с.
2.     Ададурава Валянціна Захараўна // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 642.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”