Лінгвістычная гадзіна “Сэрцам роднага слова краніся”
20 лютага ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Міжэвічы” панавала атмасфера свята роднай мовы. Лінгвістычная гадзіна “Сэрцам роднага слова краніся”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшла ў рамках праекта “Кожная пятніца – роднае сваё”. На сустрэчу сабраліся вучні ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”.
Бібліятэкар з любоўю расказала дзецям пра нашу цудоўную беларускую мову, пра багатую гісторыю беларускага народа. А потым пачаліся цікавыя заданні.
Спачатку вучні з задавальненнем “Закончвалі прыказкі”, паказваючы, як добра яны ведаюць народную мудрасць. Далей была праверана іх веданне сімволікі нашай краіны, яе гісторыі і дзяржаўных знакаў. А завяршылася ўсё падарожжам “У свет народных традыцый”. Разам з бібліятэкарам дзеці ўспомнілі любімыя народныя святы, паслухалі прыгожыя паэтычныя радкі і разгадалі займальныя загадкі.
Кожны ўдзельнік адчуў, які неацэнны скарб – наша беларуская мова: мілагучная, жывая, паэтычная, старажытная і сучасная.
Напрыканцы бібліятэкар пажадала юным чытачам заўсёды адчуваць гонар за сваю Радзіму, пазнаваць яе і берагчы. “Мы ганарымся сваёй краінай, любім яе. Інакш нельга! Пазнайце Беларусь – і вы яе абавязкова палюбіце!” – гучалі цёплыя словы.






